Новае выданьне выйшла ў выдавецтве «Кнігазбор» на замову МГА «ЗБС «Бацькаўшчына» у межах сэрыі «Каляровы ровар» бібліятэкі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Кніга зьмяшчае вершы і казкі, калыханкі і гульнявыя прыпеўкі для дзетак да трох гадоў. Творы ў чытанцы сабраныя як народныя, так і аўтарскія.
«Як ні дзіўна, тая „Чытанка“ была першай у гісторыі цалкам беларускамоўнаю хрэстаматыяй для мэтадычнага ўжытку ў дашкольных установах. Перад тым мы былі напісалі новыя зьмястоўныя разьдзелы дзяржаўных Праграмаў для дашкольных установаў. Заклалі туды цалкам беларускі зьмест для беларускамоўных садкоў і кампэнсаторнае беларускае асяродзьдзе для садкоў расейскамоўных».
Заклалі туды цалкам беларускі зьмест для беларускамоўных садкоў і кампэнсаторнае беларускае асяродзьдзе для садкоў расейскамоўных
Паводле Вячоркі, давялося перабраць вялікі масіў клясычных і новых тэкстаў і падзяліць іх на ўзроставыя катэгорыі. Найбольшую ўвагу давялося зьвярнуць на тэксты для самых маленькіх. «Іх быў пэўны дэфіцыт», — лічыць мовазнаўца.
«Потым надышлі іншыя часы, садкі вярнуліся да „двумоўнасьці“, нашыя праграмы й чытанка былі там адмененыя. Але праца нашая не была марная, на яе захоўваўся попыт бацькоў. Мы дадалі ў выданьне 2008 г. новых твораў; у прыватнасьці, адмыслова для самых малых напісаў нямала павучальных вершыкаў Сяржук Сокалаў-Воюш. І вось бачым чарговае выданьне, шчодра праілюстраванае. Гэта добра».
Несумненна, у дзяржавах, дзе ўлада дбае пра будучыню нацыі, такія выданьні выходзяць пад грыфам міністэрства адукацыі і за бюджэтныя грошы. Але гэта не пра цяперашнюю ўладу,
У электронным выглядзе «Чытанку» апублікаваў сайт nastaunik.info, яна выйшла на дыску «Гадуем беларусаў — 1». У 2008 годзе «Чытанку» перавыдала Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» пры спрыяньні Ірэны Каляды-Сьмірноў (Кліўленд).
Ці магла б «Чытанка» выйсьці ў дзяржаўным выдавецтве?
«Несумненна, у дзяржавах, дзе ўлада дбае пра будучыню нацыі, такія выданьні выходзяць пад грыфам міністэрства адукацыі і за бюджэтныя грошы. Але гэта не пра цяперашнюю ўладу, — лічыць Вінцук Вячорка. — Так, „Канцэпцыя дзяржаўнай праграмы разьвіцьця дашкольнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь на 2015–2020 гады“, вывешаная на сайце Міністэрства адукацыі, ані слова ня кажа пра зьмест і мову дашкольнай адукацыі. Толькі пра колькасьць садкоў, дашкольных пэдагогаў, фінансавыя паказьнікі і г. д. Зрэшты, зважаючы на апошнія пагрозьлівыя Лукашэнкавы заявы пра „аптымізацыю“ адукацыі, і гэтыя паказьнікі будуць абразаць, — што ўжо казаць пра зьмест дашкольнага выхаваньня...»
«Чытанка для маленькіх» выйшла ў цьвёрдай вокладцы, а старонкі надрукаваныя на шчыльнай паперы. Выданьне аздобленае мастачкай Сьвятланай Каньковай-Дударэнкай. Як абяцаюць выдаўцы, «Чытанку для маленькіх» можна будзе набыць у кнігарнях Менску ды іншых гарадоў Беларусі.
Вось некаторыя вершы з Чытанкі (2008 г.):
Мышка, мышка, дзе была?
З народнага
— Мышка, мышка, дзе была?
— Была ў пана караля.
— Што рабіла?
— Лыжкі мыла.
— А што далі?
— Кавал сала.
— Дзе паклала?
— Пад лаўкаю.
— Чым накрыла?
— Халяўкаю.
— Дзе падзела?
— Кошка зьела.
Гэй, мой конік
Зьмітрок Бядуля
Гэй, мой конік,
гэй, мой сівы!
Танканогі, даўгагрывы!
Галавою страсяні,
Капытамі зазьвіні!
I далёка, мілы мой,
Паімчымся мы з табой!
У куце сядзіць мядзьведзь
З народнага
У куце сядзіць мядзьведзь,
Хустку вышывае,
А лісічка-невялічка
Хатку прыбірае.
А каток пячэ аладкі,
Масла падлівае.
Мышанятка жвава,
гладка Катку памагае.
Конік
Мікола Чарняўскі
Мне прывезьлі коніка,
Коніка-куплёніка,
Зь цёмнай грывай стрыгунка,
Зь цёмнай грывай скакунка.
Мяне конік панясе
Па мураўцы, па расе.
Капыткамі загрукоча,
Ручаінку пераскоча,
Паімчыць, нібы віхор,
За лужок, за сіні бор.
Чаравікі
Сяржук Сокалаў-Воюш
Я зусім ужо вялікі
І, узяўшы чаравікі,
Пачынаю меркаваць,
Як іх трэба абуваць.
Чаравікі — сябрукі,
Толькі часам здарыцца:
Адвярнуць насы ў бакі
Так, нібыта сварацца.
Мы іх месцамі мяняем:
Нос да носу туліцца!
Так і трэба! Абуваем
Ды ідзём на вуліцу!