Мінкультуры шукае арыгінал палотнішча сьцяга, каб прызнаць яго каштоўнасьцю

Міністэрства культуры атрымала заключэньне Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі наконт прапановы надаць статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці бел-чырвона-беламу сьцягу, які ў 1991–1995 гады быў дзяржаўным сымбалем нашай краіны.
Ліст пра гэта прыйшоў арганізатарам кампаніі, рэдакцыі сайта «Арт Сядзібы».

Міністэрства культуры пагаджаецца, што бел-чырвона-белы сьцяг варта захоўваць як матэрыяльны рухомы аб’ект і надаць яму статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Адпаведнае пытаньне ў студзені разгледзіць на сваім пасяджэньні Навукова-мэтадычная рада.

У лісьце, які падпісаў намесьнік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Аляксандар Яцко, паведамляецца:

«Палотнішча Дзяржаўнага сьцяга Рэспублікі Беларусь, якое рэальна выкарыстоўвалася ў 1991–1995 гады, павінна існаваць і захоўвацца як матэрыяльны рухомы аб’ект і яму можа быць прапанавана надаць статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці, і ў такім выпадку неабходна дадаткова ўдакладніць яго месцазнаходжаньне і стан захаванасьці.

З улікам атрыманага заключэньня, названая прапанова будзе ўключана ў парадак дня чарговага пасяджэньня Беларускай рэспубліканскай навукова-мэтадычнай рады па пытаньнях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь, якое запланавана на студзень 2014 г.».

Канчатковае рашэньне на аснове вынікаў студзеньскага пасяджэньня Навукова-мэтадычнай рады, згодна з законам «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь», будзе прымаць Савет міністраў Рэспублікі Беларусь.

Адно з палотнішчаў дзяржаўнага бел-чырвона-белага сьцяга, якое знаходзілася над Рэзыдэнцыяй прэзыдэнта, было разарвана 16 траўня 1995 года колішнім кіраўніком справамі прэзыдэнта Іванам Ціцяцнковым, праз два дні пасьля рэфэрэндуму аб зьмене сымболікі.