Як вырашыць канфлікт з калегам на працы?

Часам бывае, што калі вы пасварыцеся з калегам, вашы адносіны сапсуюцца так, што вы перастаяце размаўляць. Ці можна выправіць такую сытуацыю і якія ў вас ёсьць магчымасьці?

Наколькі важныя адносіны з гэтым чалавекам?

Адна з магчымасьцяў — падумаць, ці вы можаце абысьціся без адносінаў з гэтым чалавекам. Неабавязкова з усімі калегамі па працы быць найлепшымі сябрамі. Аднак, калі адносіны з гэтым чалавекам нешта для вас значаць, уплываюць на вас, вам давядзецца вырашаць узьніклую праблему і браць на сябе адказнасьць.

З чаго пачаць?

Можна паспрабаваць «негвалтоўную» мадэль камунікацыі. Заявіце, што вы заўважылі (тое, што вы не размаўляеце). Скажыце, што вы адчуваеце (гэта вас засмучае). Скажыце, чаго вы хочаце (палепшыць адносіны). І задайце пытаньне (што мусіць адбыцца, каб усё наладзілася?). Такая мадэль спрацоўвае, бо тут няма з чым спрачацца.

Часам варта падумаць, які характар маюць вашы разыходжаньні — эмацыйны ці рацыянальны. Калі эмацыйны — можна паспрабаваць нейкі зусім інакшы падыход, напрыклад, будзьце пазытыўныя. Часта ўсьміхайцеся, глядзіце калегу ў вочы. Пасылайце яму пазытыўныя вібрацыі. Паглядзіце на яго як на зусім інакшага чалавека.

Калі канфлікт мае рацыянальныя прычыны — шукайце тое, з чым вы можаце пагадзіцца, і пазьбягайце таго, у чым вы разыходзіцеся.

Як правіла, калі чалавек выяўляе шчырасьць, яму цяжка адмовіць. Мы — істоты сацыяльныя і запраграмаваныя адказваць добрым на добрае.

Ня варта спадзявацца на ідэальны вынік, але калі ўдасца зрабіць адносіны даволі добрымі — то гэта ўжо даволі добра. Задавайце пытаньні накшталт: «Што можна зрабіць, каб такое больш не паўтарылася?» або «Можа нам паспрабаваць знайсьці іншае выйсьце?»

А што, калі я маю рацыю?

Як бы гэта ні было непрыемна, вам давядзецца быць разумнейшым. Аднак трэба памятаць, што нават калі ваш апанэнт «перагнуў палку», справы тут рэдка бываюць чорна-белыя. Прызнайце, што ў вас можа быць зусім іншы стыль вырашэньня спрэчак. Памятайце таксама, што ў сур’ёзнай спрэчкі рэдка бывае толькі адна прычына.

У некаторых людзей проста вельмі нізкі парог канфліктнасьці, і лепш за ўсё паспрабаваць працаваць зь імі ў рамках разважлівасьці. Трэба пакінуць такім людзям магчымасьць захаваць твар, калі яны ня згодзяцца прызнаць вашу рацыю. Шмат людзей лічаць праяву разважлівасьці за слабасьць.

Што калі яны ня прымуць выбачэньня?

Тады можна сказаць: «Пагаворым, калі ты ня будзеш такі сярдзіты. Я шукаю канструктыўнай рэакцыі». Калі ўсе вашы спробы вырашыць канфлікт не ўдаюцца, вы можаце сказаць: «Я зрабіў усё, што мог. Я мушу знайсьці спосаб прыняць гэтую сытуацыю як яна ёсьць».