Затрыманы трэці падазраваны ў зьбіцьці Тацяны Чарнавол

Праваахоўныя органы затрымалі трэцяга падазраванага ў зьбіцьці журналісткі Тацяны Чарнавол, паведамляе прэс-служба МУС Украіны. Праводзіцца допыт затрыманага.

Невядомыя зьбілі Тацяну Чарнавол у ноч на сераду. Паводле зьвестак міліцыі, журналістка ехала ва ўласным аўтамабілі, яе «падрэзаў» іншы аўтамабіль. Невядомыя выцягнулі Чарнавол з машыны і зьбілі, пасьля чаго кінулі ў кювет.

Раней сёньня крымінальная вытворчасьць па факце зьбіцьця Чарнавол, адкрытая па артыкуле «хуліганства», была перакваліфікаваная на «нанясеньне цяжкіх цялесных пашкоджаньняў».

Напярэдадні міліцыя паведаміла аб затрыманьні двух іншых фігурантаў справы.

Сама Тацяна Чарнавол заяўляе аб некалькіх магчымых прычынах нападу на яе.

«У мяне шмат розных варыянтаў. Гэта магла быць мая праца з Аўтамайданам. У прыватнасьці, перад інцыдэнтам я была на маёнтку Захарчанкі (міністра ўнутраных справаў — рэд.) і была на маёнтку Пшонкі (генэральнага пракурора — рэд.)», — сказала яна. Тацяна Чарнавол таксама паведаміла, што нядаўна знайшла новапабудаваную рэзыдэнцыю Віктара Януковіча.

У МУС раней заявілі, што разглядаюць некалькі вэрсій нападу на Тацяну Чарнавол.