Мінкультуры пачало працэдуру наданьня бел-чырвона-беламу сьцягу статусу нематэрыяльнай каштоўнасьці

Міністэрствам культуры накіраваны ліст у Нацыянальную акадэмію навук Беларусі для атрыманьня заключэньня адносна сьцяга як гісторыка-культурнай каштоўнасьці
Арганізатары кампаніі па папулярызацыі нацыянальнай сымболікі Беларусі атрымалі адказ ад намесьніка Міністра культуры Рэспублікі Беларусь Аляксандра Анатольевіча Яцко на зварот і абгрунтаваньне гісторыка-культурнай каштоўнасьці бел-чырвона-белага сьцяга.

У адказе гаворыцца, што па выніках разгляду звароту адносна наданьня статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці сьцягу Рэспублікі Беларусь, які існаваў у пэрыяд з 1991-га па 1995-ты год, з мэтай якаснай прапрацоўкі пытаньня Міністэрствам культуры накіраваны ліст у Нацыянальную акадэмію навук Беларусі для атрыманьня адпаведнага заключэньня. Пасьля адказу пададзеная прапанова можа быць уключаная ў парадак дня чарговага пасяджэньня Навукова-мэтадычнай рады.

Гэта значыць, што згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, Рада павінна будзе ў 30-дзённы пэрыяд пасьля атрыманьня заключэньня Акадэміі навук разгледзець пытаньне аб унясеньні бел-чырвона-белага сьцягу ў сьпіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь.



Разгляд Рады будзе ўключаць фіксацыю, навуковую апрацоўку і мастацкую ацэнку бел-чырвона-белага сьцяга як нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасьці.

Выніковае рашэньне на аснове вынікаў працы Навукова-мэтадычнай рады, згодна з законам «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь», будзе прымаць Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Пакуль Міністэрства культуры разам з Акадэміяй навук будуць вызначацца са статусам бел-чырвона-белага сьцягу, рэдакцыя «Арт Сядзібы» апублікавала ўнікальнае афіцыйнае выданьне «Заканадаўчыя акты аб дзяржаўнай сымболіцы Рэспублікі Беларусь», якое раней у інтэрнэце не зьмяшчалася.

Гэтае выданьне выйшла ў 1992 годзе і зьмяшчае на беларускай, расейскай і ангельскай мовах 11 афіцыйных дакумэнтаў, якія былі прынятыя Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь дванаццатага скліканьня ў 1991 годзе. Дакумэнты заканадаўча пацьвярджаюць афіцыйны статус бел-чырвона-белага сьцяга і герба «Пагоня».

Выданьне падрыхтавалі Алег Трусаў (на той час намесьнік старшыні Камісіі Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і захаваньню гістарычнай спадчыны) і Іван Лазавікоў (на той час намесьнік загадчыка аддзелу па пытаньнях сацыяльна і культурнага разьвіцьця Сакратарыяту Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь).


1. Закон Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Аб назьве Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі і ўнясеньні зьменаў у Дэклярацыю Вярхоўнага Савету Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі і Канстытуцыю (Асноўны Закон) Беларускай ССР (19 верасьня 1991 года, г. Менск).

2. Закон Рэспублікі Беларусь Аб Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь (19 верасьня 1991 года, г. Менск).

3. Пастанова прэзыдыюму Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь Аб утварэньні камісіі для выпрацоўкі эталёну Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і Палажэньня аб гербе, узораў пячатак Вярхоўнага Савету, яго Прэзыдыюму і нагруднага знака народнага дэпутата Рэспублікі Беларусь (4 кастрычніка 1991 года, г. Менск).

4. Склад камісіі для выпрацоўкі эталёну Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і Палажэньня аб гербе, узораў пячатак Вярхоўнага Савету, яго Прэзыдыюму і нагруднага знаку народнага дэпутата Рэспублікі Беларусь.

5. Пастанова Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь Аб зацьвярджэньні эталёну Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і Палажэньня аб Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь (10 сьнежня 1991 года, г. Менск).

6. Палажэньне аб Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь.

7. Пастанова Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19 сакавіка 1992 г. № 144, г. Менск. Пытаньні вырабу і выкарыстаньня выявы Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь.

8. Закон Рэспублікі Беларусь Аб Дзяржаўным сьцягу Рэспублікі Беларусь (19 верасьня 1991 года, г. Менск).

9. Пастанова Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь Аб зацьвярджэньні Палажэньня аб Дзяржаўным сьцягу Рэспублікі Беларусь (11 сьнежня 1991 года, г. Менск).

10. Палажэньне аб Дзяржаўным сьцягу Рэспублікі Беларусь.

11. Стандарт Рэспублікі Беларусь — Сьцяг Дзяржаўны Рэспублікі Беларусь.