The Economist: У 2014-м Беларусь чакаюць сацыяльныя пратэсты

Пратэст супраць падаражаньня праезду ў грамадзкім транспарце

Часопіс The Economist аднёс Беларусь да групы краін з высокай рызыкай узьнікненьня сацыяльных хваляваньняў у 2014 годзе.
Пра гэта гаворыцца ў апублікаваным часопісам дасьледаваньні цэнтру Economist Intelligence Unit (EIU).

У сьпіс краінаў з высокай рызыкай сацыяльных пратэстаў, акрамя Беларусі, увайшлі Альбанія, Альжыр, Бразылія, Баўгарыя, Камбоджа, Камэрун, Чад, Кітай, Харватыя, Кіпр, Этыёпія, Гаіці, Гандурас, Іран, Казахстан, Кіргізстан, Македонія, Малдова, Марока, Таджыкістан, Туркмэністан, Украіна, Шры-Ланка, Гішпанія.

«Зьніжэньне даходаў і высокі ўзровень беспрацоўя не заўсёды суправаджаюцца беспарадкамі, – адзначыла прадстаўнік EIU Лаза Кекіч. – Але калі эканамічным праблемам спадарожаць іншыя элемэнты ўразьлівасьці, то ўзьнікае высокая рызыка нестабільнасьці. Такія фактары ўключаюць значную няроўнасьць у даходах, дрэннае кіраваньне, нізкія ўзроўні сацыяльнага забесьпячэньня, этнічную напружанасьць і беспарадкі, што мелі месца раней. Відаць, асаблівае значэньне ва ўзьнікненьні беспарадкаў апошнім часам мае эрозія даверу да ўрадаў і інстытутаў».

У артыкуле адзначаецца, што гэтыя прагнозы нельга разглядаць як беспамылковыя. Напрыклад, Тайлянд быў ацэнены як краіна з сярэдняй ступеньню рызыкі ўзьнікненьня масавых пратэстаў, але пасьля таго, як у лістападзе парлямэнт краіны зацьвердзіў спрэчны законапраект аб амністыі, там пачаліся дэманстрацыі пратэсту, піша БелаПАН.