Сутычкі паліцыі і дэманстрантаў у Бангкоку

Акцыя пратэсту ў Бангкоку, архіўнае фота

Паліцыя ў сталіцы Тайлянду Бангкоку ўжыла сьлезацечны газ і гумовыя кулі супраць дэманстрантаў, якія заклікаюць да байкоту прызначаных на люты парлямэнцкіх выбараў.
Сутыкненьні адбыліся 26 сьнежня раніцай паблізу стадыёна, дзе праходзіла працэдура па вызначэньні нумароў партый у бюлетэні для галасаваньня. Маніфэстанты кідалі ў супрацоўнікаў праваахоўных органаў камяні і розныя прадметы.

У Тайляндзе ўжо трэці месяц працягваюцца акцыі пратэсту з патрабаваньнем адстаўкі прэм’ер-міністра Інглак Чынават. Пратэстоўцы выступаюць супраць правядзеньня выбараў, паколькі ўпэўненыя, што Чынават несумленна пераможа на іх. Пачынаючы з 2001 году, на ўсіх выбарах у Тайляндзе перамагалі прадстаўнікі сям’і Чынават або іх саюзьнікі.

У сераду прэм’ер-міністар прапанавала сфармаваць Нацыянальную рэфармацыйную раду для пасярэдніцтва ва ўрэгуляваньні палітычнага крызісу ў краіне. Аднак апазыцыя адпрэчыла гэтую прапанову і заявіла, што працягне дэманстрацыі і акцыі грамадзянскага непадпарадкаваньня.