Алесю Макаеву далі 5 сутак

Алесь Макаеў

23 сьнежня суд Маскоўскага раёну Менску пакараў грамадзкага актывіста Алеся Макаева пяцю суткамі арышту.
Суткі Алесь Макаеў будзе адбываць у турме на Акрэсьціна.

«Гэты проста цырк, падчас працэсу было столькі парушэньняў», — сказала карэспандэнту Свабоды актывістка Юля Сьцяпанава.

Яго абвінавацілі ў арганізацыі несанкцыянаванага мітынгу ў мястэчку Грозава Капыльскага раёну, дзе ў лістападзе грамадзкія актывісты ўшаноўвалі памяць слуцкіх паўстанцаў.

24 лістапада дэмакратычныя актывісты, у ліку іх і Алесь Макаеў, былі затрыманыя ў мястэчку Грозава Капыльскага раёну, калі сьпявалі гімн «Магутны Божа». Нягледзячы на тое, што акцыя памяці, прысьвечаная Слуцкаму збройнаму чыну, была дазволеная ўладамі, Макаева як адказнага за мерапрыемства пакаралі.

Аляксандар Макаеў — намесьнік старшыні руху салідарнасьці «Разам». Год таму, у сьнежні 2012 году, ён быў асуджаны за арганізацыю мітынгу памяці герояў у той жа вёсцы Грозава да штрафу ў 5 мільёнаў рублёў.