Пачынаецца распродаж «сямейнага срэбра»

Пётр Пракаповіч

Цяпер у Беларусі няма ніводнага прадпрыемства, якое нельга прыватызаваць. Пра гэта заявіў сёньня на сумесным паседжаньні абедзьвюх палат Нацыянальнага сходу Беларусі віцэ-прэм’ер Пётар Пракаповіч.
Ён паведаміў, што Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод прапанаваны расейскай кампаніі «Роснефть», з расейцамі ж вядуцца перамовы пра продаж гарадзенскага «Азоту». У першым квартале наступнага году будзе прададзена дзяржаўная доля ў апэратары мабільнай сувязі МТС.

Пётар Пракаповіч паведаміў, што цяпер у Беларусі няма абмежаваньняў на продаж замежнікам любога прадпрыемства. «Калі ёсьць інвэстар, які гатовы ўкласьці грошы, то навошта яму перашкаджаць?!» — казаў намесьнік кіраўніка ўраду:

«Наагул, пра што мы вядзем размову? Пра ўласнасьць? Пра ўласнасьць увесь сьвет вёў размову ў 19-м стагодзьдзі і ў 20-м. У 21-м стагодзьдзі размова пра ўласнасьць проста некарэктная. Цяпер размовы павінны ісьці пра эфэктыўную працу прадпрыемства, эканомікі. Ды няма цяпер у сьвеце ніводнай краіны, дзе быў бы толькі адзін від уласнасьці».

А яшчэ нядаўна Пётар Пракаповіч сьледам за Аляксандрам Лукашэнкам казаў, што нельга прадаваць уласнасьць, якую стварыў сваёй працай беларускі народ. Такую мэтамарфозу ў поглядах кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук тлумачыць так:

Яраслаў Раманчук

«У 2014 годзе краіне не хапае дзесьці 7 мільярдаў даляраў, каб не дапусьціць дэвальвацыі, паніжэньня роўню жыцьця, каб закрыць тыя дзіркі, што ёсьць і ў плацёжным балянсе, і ў бюджэце.

А тут яшчэ і Расея цісьне, бо дагэтуль няма ніводнага інтэграцыйнага праекту. І таму Лукашэнка цяпер стараецца праз Мазыр легалізаваць тую ж схему, якую ён зрабіў праз свае структуры з растваральнікамі-разбаўляльнікамі. Толькі гэтым разам легалізаваць яе празь Сечына».

Тут трэба патлумачыць, што спадар Раманчук мае на ўвазе жаданьне беларускага боку прадаць Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод «Роснефти», якой кіруе Ігар Сечын. Такі намер сёньня ўпершыню публічна агучыў Пётар Пракаповіч. Ён сказаў, што ў якасьці адной з умоваў прыватызацыі Беларусь прапанавала расейскай кампаніі павялічыць пастаўкі нафты на прадпрыемства да 20 мільёнаў тон. Летась аб’ём перапрацоўкі нафты там перавысіў 11 мільёнаў тон, але наяўныя магутнасьці дазваляюць прадпрыемству перапрацоўваць удвая больш.

Пракаповіч сказаў, што расейскі бок узяў час на роздум. Аднак ці пойдуць на такі крок у Маскве пасьля гісторыі з «Уралкаліем»?

Экспэрт расейскага Інстытуту энэргетыкі і фінансаў Сяргей Агібалаў нагадвае, што Ігар Сечын наведваўся ў Менск у самы разгар «калійнай вайны» і быў прыняты асабіста Аляксандрам Лукашэнкам. Ужо тады кіраўнік Беларусі выказаў задаволенасьць двухбаковым супрацоўніцтвам:

«Калі ў адной групы інвэстараў, сярод якіх ня самыя буйныя кампаніі, ужо даўно няма ніякага жаданьня працаваць зь Беларусьсю і публікацыя якіх-колечы прывабных актываў не падштурхне іх разглядаць нават тэарэтычную верагоднасьць свайго ўдзелу ў такіх зьдзелках, то ёсьць і іншыя. Я маю на ўвазе тых інвэстараў, якія валодаюць пэўным рэсурсам па абароне сваіх правоў. Такія, прыкладам, як кампаніі „Роснефть“ ці „Газпром“. Яны, натуральна, як раней разглядалі магчымасьць набыцьця актываў у Беларусі, так і цяпер разглядаюць.

Гісторыя з „Уралкаліем“ для іх зразумелая, яны ведаюць сутнасьць падзеяў, хто, чаму і дзе апынуўся. Таму гэта ні Сечына, ні Мілера асабліва не палохае. То бок калі буйная кампанія мае адпаведны інтарэс і беларускі бок прапануе адэкватны кошт, каб не паўтаралася розных гісторыяў, якія могуць несьці сур’ёзныя наступствы для эканомікі Беларусі, то прыватызацыя і прыход стратэгічных інвэстараў цалкам магчымыя».

Мазырскі НПЗ — адно з самых высокатэхналягічных нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў Усходняй Эўропы. Згодна з дадзенымі Міністэрства фінансаў, у першым паўгодзьдзі 2013 году НПЗ стаў другой паводле аб’ёму чыстага прыбытку публічнай кампаніяй Беларусі з чыстым прыбыткам больш як 1 трыльён рублёў.