Як перажыць сьвяты і не расстроіцца?

Як запэўніваюць нас навукова-дасьледчыя інстытуты і мэдычныя аўтарытэты, не існуе ніякай выразнай сувязі паміж сьвяточнымі пэрыядамі ды павелічэньнем ўзроўню дэпрэсіі і колькасьці самагубстваў сярод насельніцтва.
Тым ня менш, усе пагодзімся, што сьвяты ўсё ж выбіваюць некаторых з нас з раўнавагі. Ва ўсёй сьвяточнай мітусьні мы часта забываем пра тое найважнейшае, дзеля чаго сьвяты насамрэч арганізуюцца — а менавіта, дзеля таго, каб быў гэта час, у якім мы сапраўды адчуваем радасьць, задавальненьне жыцьцём і камфорт, нават ва ўмовах памяркоўнага пахмельля.

Вось некаторыя парады амэрыканскага сайту PsychCentral, як пазьбегчы калядна-навагодняй дэпрэсіі і думак пра марнасьць жыцьця, як сямейнага, так і глябальнага.

1. Зьвяртайце ўвагу толькі на станоўчае вакол сябе. Не забывайце пахваліць і сказаць добрае слова нават тым, каго і бачыць ня можаце, калі толькі яны моцна не наступілі вам на мазоль падчас сьвятаў.

2. Не забывайце сярод сьвяточнай мітусьні час ад часу «адключыцца»: паставіць сабе нейкую ўлюбёную музыку, пасьпяваць, патанчыць або выйсьці з дому на шпаркую прагулку, каб ачысьціць галаву ад сьвяточнага тлуму.

3. Калі вас ахопіць ахвота набіць камусьці пысу, ідзіце ў спальню і набіце сваю падушку. А калі захочаце паплакаць, плачце ўволю.

4. Пастарайцеся прымаць усё такім, якім яно ёсьць, паводле прынцыпу: «я ня маю кантролю над паводзінамі іншых, але магу кантраляваць свае паводзіны».

5. Складзіце сабе загадзя сьпіс таго, што вам трэба зрабіць дзеля падрыхтоўкі сьвяткаваньня.

6. Не марнуйце часу на думкі, якія наганяюць стрэс і прыгнечанасьць. Калі яны ўсё ж прыходзяць вам у галаву, паўтарайце сабе ў душы: «Усё будзе добра. Няма чаго дурыць сабе галаву».

7. Не старайцеся рабіць усяго самастойна. Прасіце дапамогі ў сямейнікаў і гасьцей.