Дырэктарку фабрыкі «Слодыч» затрымалі за праслухоўваньне падначаленых

Кайданкі, ілюстрацыйнае фота

Дырэктарку кандытарскай фабрыкі «Слодыч» Тацяну Селіх затрымалі за незаконнае праслухоўваньне сваіх падначаленых. Супраць яе распачата крымінальная справа.
Дырэктарка цяпер знаходзіцца ў сьледчым ізалятары, аднак абвінавачваньне ёй пакуль не прад'явілі.

У выніку праверкі, праведзенай пракуратурай Менску, высьветлілася, што дырэктарка фабрыкі загадала набыць за кошт прадпрыемства спэцабсталяваньне для праслухоўваньня і гуказапісу і ўсталяваць яго ў службовых памяшканьнях.

Упраўленьнем Сьледчага камітэту па Менску дзеяньні дырэктаркі «Слодычы» расцэненыя як злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі ў асабістых інтарэсах, з нанясеньнем прадпрыемству шкоды ў асабліва буйным памеры (больш за Br 202 млн.), перадае Інтэрфакс.

«Таксама дырэктаркай нанесена шкода правам і законным інтарэсам грамадзянаў шляхам парушэньня таямніцы тэлефонных перамоваў і іншых спосабаў зносін, з выкарыстаньнем спэцсродкаў, у парушэньне дзейнага заканадаўства», — паведаміў афіцыйны прадстаўнік УСК па Менску Аляксандар Герасімаў.

На «Слодычы» пакуль сытуацыю не камэнтуюць.

Як патлумачыў карэспандэнту Свабоды Аляксандар Герасімаў, грошы былі пералічаныя і абсталяваньне на фабрыку было пастаўлена. Ён аднак не назваў беларускую фірму, якая паставіла гэтае абсталяваньне для праслухоўваньня і запісу размоваў.

«Гэтая фірма шэраг працаў і заказаў выконвала ў асноўным заўсёды правільна, не парушаючы закон. Але ў гэтым выпадку для пастаўкі і ўстаноўкі такога абсталяваньня ў фірмы павінна была быць ліцэнзія.А на той момант у фірмы ліцэнзіі не было».

Кандытарская фабрыка «Слодыч» уваходзіць у дзяржаўны канцэрн «Белдзяржхарчпрам».