Калі б дэпутаты Апазыцыі БНФ пакінулі Вярхоўны Савет, як пра гэта пісаў Сяргей Дубавец у 1993 годзе і на слушнасьці чаго настойвае сёньня, ён не надрукаваў бы свой артыкул у «Свабодзе», а яго дачка ня скончыла б беларускі гуманітарны ліцэй.
У Менску ён разьлічваўся б расейскім рублямі і, магчыма, ня чуў бы на вуліцах беларускай мовы. Бо і «Свабода» выходзіла толькі таму, што яе рэдактар Ігар Гермянчук застаўся дэпутатам Вярхоўнага Савету, і нацыянальная грашовая адзінка засталася дзякуючы ціску дэпутатаў БНФ на Кебіча і Багданкевіча, і беларускамоўныя школы адчыняліся ў выніку няспынных дэпутацкіх намаганьняў.
Гэта — факты. А цяпер пра канструкцыі «што было б, калі б».
Артыкулы Дубаўца, у якіх ён менавіта Апазыцыю БНФ вінаваціць у тым, што адбылося пасьля 1992 году (калі быў «зарублены» рэфэрэндум пра датэрміновыя выбары) — асабіста мной успрымаюцца спробай зьняць адказнасьць з тых, хто сапраўды спрычыніўся да зламаньня лёсу Беларусі (Шушкевіч, Кебіч, пракебічаўскія дэпутаты, «маладыя ваўкі») і ўскласьці яе на іншых.
«Але гэтыя людзі ніколі не прадстаўлялі сьвядомых беларусаў, якія, у сваю чаргу, ад іх ніколі нічога не чакалі», — піша Дубавец.
Няпраўда — у адносінах да Шушкевіча. Шушкевіч займаў ня другасную пасаду, а быў вышэйшай службовай асобай (як Ландсбэргіс у Літве). Ніхто з БНФ і блізка ня меў такога ўплыву. Рэйтынг Шушкевіча ў 1992 г. складаў больш за 50% (сярод яго прыхільнікаў былі і пэўныя прадстаўнікі нацыянальнай эліты, а таксама БСДГ «Грамада», якія ў 1994-м падтрымаюць яго на першых прэзыдэнцкіх выбарах. Значыць — чакалі). З такім рэйтынгам Шушкевіч мог наўпрост зьвярнуцца да народу, а ён выступіў супраць рэфэрэндуму і, у выніку, пазбавіў Беларусь дэмакратычнай пэрспэктывы.
«Што магла зрабіць Апазыцыя? Я дапусьціў, што калі ВС абвешчаны нелегітымным (бо сам парушыў закон), Апазыцыя дзеля захаваньня ўласнай легітымнасьці мусіць пакінуць яго. Пайсьці на вуліцу, якая «дыхала рэвалюцыяй», — піша Дубавец.
Няпраўда. Ня дыхала вуліца рэвалюцыяй — ні ў 1992, ні ў 1993 гадах. Прага да пераменаў была ў 1988-1990 гадах (і ў значнай ступені яе стымуляваў БНФ), у 1991-м мы скарысталі грамадзкія настроі, каб дамагчыся Незалежнасьці. У 1996-м клопат за лёс гэтай Незалежнасьці вывеў на вуліцы дзесяткі тысяч людзей (і гэта была дэманстрацыя рашучасьці, а не «адчаю», як піша Дубавец — бо ў значнай ступені яна прадухіліла поўную інкарпарацыю Беларусі Масквой). Але ў 1992–1993 гадах вуліца рэвалюцыяй ня дыхала.
Дубавец піша, што наклад газэты «Свабода» дасягнуў 100 тысячаў (праўда, толькі ў 94-м) і бачыць у гэтым «мабілізацыйны патэнцыял». Але чытаць газэту і выходзіць на вуліцы — гэта зусім рознае.
Сёньня ў сацыяльнай сетцы «Вконтакте» група «Надоел нам этот Лукашэнко» складае 43 385 удзельніка, група «Плошча працягваецца тут» — 39 268. Ці варта нагадваць, колькі зь іх выходзяць на плошчу?
Якраз у 1992-м мы больш сканцэнтраваліся на працы па-за Авальнай заляй (па-ранейшаму выкарыстоўваючы парлямэнт), імкнуліся вывесьці людзей на вуліцы, стварыць гэтую самую «рэвалюцыйную сытуацыю». Тысяча-дзьве, максымум тры тысячы — вось колькасьць тых, хто выходзіў на плошчу. І калі гэты вынік быў пры нашых дэпутацкіх магчымасьцях (як дэпутатам, нам прадстаўлялі месцы для сустрэчаў у Менску і ў рэгіёнах, мы мелі, хай і абмежаваны, але доступ да дзяржаўны СМІ) — з чаго б раптам вынік быў бы лепшы бяз гэтых магчымасьцяў? Ён бы быў адназначна горшы.
Падабалася нам гэта ці не, але палітычнае жыцьцё сканцэнтравалася ў Авальнай залі, менавіта там прымаліся рашэньні, якія паўплывалі на лёс Беларусі. І станоўчыя, і сапраўды фатальныя (і гэта разумелі тыя ж «маладыя ваўкі» з Лукашэнкам — хай бы ім Дубавец параіў скласьці мандаты).
Цяпер пра «легітымнасьць», якой, нібыта, Вярхоўны Савет быў бы пазбаўлены, калі б дэпутаты БНФ яго пакінулі.
У сакавіку 1994 году дэпутаты БНФ адмовіліся ўдзельнічаць у галасаваньні па Канстытуцыі (з-за ўвядзеньня ў яе прэзыдэнцтва), юрыдычна гэта называецца — адмовілі ёй у легітымнасьці, але гэты няўдзел ні ў вачах грамадзтва, ні ў вачах міжнароднай супольнасьці ні на грам не пазбавіў Канстытуцыю легітымнасьці. Ніхто з замежных парлямэнтаў ці ўрадаў не заявіў: «Мы ня будзем уручаць даверчыя граматы прэзыдэнту, бо яго пасада ўведзеная сумнеўным шляхам».
Гэтак жа сама, выхад наш з ВС у 1992 годзе не пазбавіў бы «легітымнасьці» ні Вярхоўны Савет (на вольныя месцы імгненна даабралі б іншых дэпутатаў), ні прынятыя ім законы. Наіўна меркаваць, што хаця б адна ўстанова, ды што ўстанова — хоць бы адзін грамадзянін адмовіўся б выконваць законы толькі таму, што іх прынялі без удзелу дэпутатаў БНФ, а значыць — яны «нелегітымныя».
У часе прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году як давераная асобы кандыдата ў прэзыдэнты ад БНФ я сустракаўся з тысячамі людзей і ў Менску, і ў рэгіёнах. Гучала і крытыка ў бок БНФ, але ня памятаю папроку, што мы, нібыта «легітымізавалі» Вярхоўны Савет. Ня чуў я папрокаў і ў тым, што мы ня склалі дэпутацкія мандаты.
Я быў адзіным дэпутатам, які ў знак пратэсту супраць забароны рэфэрэндуму пакінуў сталую працу ў ВС, адмовіўшыся ад міністэрскай зарплаты. І які вынік? Ні на воднай сустрэчы (а іх былі сотні) я ніколі ня чуў, што зрабіў слушна. З другога боку, Лукашэнка быў дарадцам Кебіча па сельскай гаспадарцы (пра гэта сёньня забыліся), падтрымліваў яго да апошняга (да вясны 94-га) — і гэта не перашкодзіла яму ў вачах вялікай часткі грамадзтва ўспрымацца «народным абаронцам». Гэта — да тэмы ўспрыманьня ў народзе нашага магчымага выхаду з ВС і ў сувязі з гэтым, умацаваньня аўтарытэту («не запляміліся з уладай»). Не надало б нам гэта ніякага аўтарытэту.
Складаньне ж мандату адным Пазьняком (як прапаноўваў Дубавец) тым болей не палепшыла б пазыцыі ні БНФ, ні яго як лідэра Фронту. Затое стратай дэпутацкага імунітэту імгненна скарысталіся б тыя, хто ня можа дараваць яму Курапатаў. Пацьверджаньне гэтаму — перасьлед Пазьняка адразу пасьля спыненьня паўнамоцтваў Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня.
На маю думку, галоўная памылка тых, хто ў цяперашняй сытуацыі вінаваціць БНФ, гэта меркаваньне, што меншасьцю можна бясконца перамагаць большасьць. Сапраўды, можна, але — не бясконца. Усё мае свой рэсурс. БНФ удалося правесьці ў парлямэнт некалькі дзесяткаў дэпутатаў, Апазыцыі БНФ удалося, скарыстаўшы парлямэнцкія мэтады і падтрымку 30 тысяч на плошчы, дамагчыся Незалежнасьці — але далей ужо сваё слова павінны былі казаць не актывісты БНФ і не «фронтаўскія» дэпутаты, а — грамадзтва. А ў грамадзтва ўжо не хапала сілаў. Яшчэ б пяць-шэсьць гадоў ва ўмовах хаця б адноснай дэмакратыі, умацаваньня дзяржаўнасьці — і лёс Беларусі склаўся б інакш. За некалькі месяцаў, якія заставаліся да прэзыдэнцкіх выбараў, БНФ ня мог зрабіць тое, на што ў суседніх краінах пайшлі дзесяцігодзьдзі. Як скажа пазьней Васіль Быкаў, «Апазыцыя БНФ зрабіла гераічны ўчынак... шанец быў, вельмі рэдкі», але «грамадзтва з пэўных прычынаў не магло пакарыстацца гэтым шанцам».
Што трэба зрабіць, каб здолела наступным разам — вось тут, як я перакананы, і павінна палягаць праца.