Мітрапаліт Кандрусевіч: Справа Лазара працягваецца

Мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч на перадкаляднай сустрэчы з журналістамі выказаўся пра справу ксяндза Ўладзіслава Лазара, якога КДБ абвінаваціў у здрадзе дзяржаве, але пазьней выставіў яму мякчэйшае абвінавачваньне і выпусьціў пад падпіску аб нявыезьдзе.
Цяпер айцец Лазар служыць у касьцёле ў Вялейцы, паведаміў мітрапаліт Кандрусевіч:

«Цяжкая падзея з жыцьця касьцёла ў Беларусі гэтага году, які завяршаецца, — гэта арышт ксяндза Ўладзіслава Лазара і абвінавачаньне яго ў здрадзе дзяржаве. Тое, што каталіцкі касьцёл падаў афіцыйна да ведама, мы падалі тады, калі нам паведамілі, у верасьні. І пасьля, зусім нядаўна, у сьнежні, таксама камунікат Апостальскай Нунцыятуры — пра вызваленьне з-пад арышту пад падпіску аб нявыезьдзе ксяндза Ўладзіслава Лазара. Ён цяпер знаходзіцца ў парафіі ў Вялейцы, ведаем таксама, што справа працягваецца. Хацеў бы падзякаваць усім, хто спрыяў і далей спрыяе, каб гэтая справа з ксяндзом Лазарам вырашылася, і таксама дзякую за малітвы».

Ксёндз Уладзіслаў Лазар быў арыштаваны ў Менску ў канцы траўня і больш за паўгода ўтрымліваўся ў «амэрыканцы». У ліпені КДБ прызнаў, што ксёндз Лазар затрыманы і абвінавачваецца ў аказаньні грашовай дапамогі чалавеку, які падазраецца ў шпіянажы. Зь вязьніцы ксёндз Лазар пісаў сваякам, што ні ў чым не вінаваты і спадзяецца на хуткае вызваленьне. На пачатку сьнежня ўва ўправе інфармацыі і сувязяў з грамадзкасьцю КДБ паведамілі, што сьледзтва вырашыла вызваліць ксяндза Лазара пад падпіску з абавязкам штодня адзначацца ў міліцыі.

Мітрапаліт Кандрусевіч на сустрэчы з журналістамі таксама паведаміў, што адметнасьцю 2013 году сталася сьвяткаваньне 400-годзьдзя зьяўленьня абраза Маці Божай Будслаўскай і ўдзел ва ўрачыстасьцях папскага легата Жана-Луі Тарана. Таксама значнай падзеяй сталася прызначэньне папам Францішкам трох новых біскупаў у Менску, Горадні і Віцебску, што адбылося ўпершыню за апошнія чатырнаццаць гадоў.



Паводле Тадэвуша Кандрусевіча, ад 2014 году распачынаецца трохгадовая праграма падрыхтоўкі да 100-годзьдзя аб’яўленьня Маці Божай у Фаціме. У Беларусь мае прыбыць адна з 12 копіяў фігуры Маці Божай Фацімскай. Тут яе будуць перадаваць па касьцёлах і капліцах па ўсёй краіне. Таксама плянуецца, што ў наступным годзе ў Назарэце ўсталююць абраз-мазаіку Маці Божай Будслаўскай паводле праекту, які ўжо распрацаваны і гатовы да выкананьня. Яшчэ адной адметнасьцю будучага году стане VІІІ чэмпіянат Эўропы па міні-футболе сярод сьвятароў, які пройдзе ў Лідзе 24–28 лютага і ў Беларусі адбудзецца ўпершыню. У ім возьмуць удзел футбольныя каманды сьвятароў з 14 краін Эўропы. Сярод найбліжэйшых падзеяў — фэстываль хрысьціянскіх фільмаў і тэлепраграмаў «Magnificat», які пройдзе ў Чырвоным касьцёле ў Менску 4 і 5 студзеня. А ў бліжэйшую суботу, 21 сьнежня, беларускія скаўты давязуць у Менск Бэтлеемскі агонь.



На завяршэньне сустрэчы Тадэвуш Кандрусевіч традыцыйна падзяліўся з журналістамі аплаткам — кавалачкам белага хлеба, які сымбалізуе Хрыста — з узаемнымі віншаваньнямі і найлепшымі пажаданьнямі на Новы год.



Your browser doesn’t support HTML5

Кандрусевіч дзеліцца аплаткай з журналістамі