Пані Трудэ

Жыла неяк адна дзяўчынка, якая была свавольная ды залішне цікаўная, і калі бацькі ёй штосьці казалі, яна іх ніколі ня слухала. Вядома ж, нічога добрага зь ёй здарыцца не магло.

Аднойчы яна сказала бацькам: «Я так шмат чула пра пані Трудэ, мне вельмі хочацца яе наведаць: людзі кажуць, што ў яе ўсё такое дзівоснае, распавядаюць, што ў яе ў доме шмат незвычайных рэчаў. Мне дужа цікава на іх паглядзець». Бацькі строга забаранілі ёй ісьці туды і сказалі: «Гэтая пані Трудэ злая жанчына, яна займаецца бязбожнымі справамі, і калі ты да яе пойдзеш — ты болей ня нашае дзіця!»

Але дзяўчынка не паслухала забароны і ўсё ж пайшла. Калі яна прыйшла, пані Трудэ спыталася ў яе: «Чаму ты такая бледная, маё дзіцятка?»

«Ах, — адказала дзяўчынка і задрыжэла ўсім целам. — Проста я баюся таго, што тут пабачыла».

«А што ты пабачыла?»

«Я пабачыла на ганку чорнага чалавека».

«Гэта быў усяго толькі вугляр».

«А потым... Потым я бачыла яшчэ зялёнага чалавека».

«Гэта быў усяго толькі паляўнічы, дурнічка».

«А пасьля гэтага я бачыла яшчэ крывава-чырвонага чалавека!»

«Гэта быў мясьнік, маё дзіця».

«Ах, пані Трудэ, я так баюся, я паглядзела ў вакно, калі йшла сюды, і ня ўбачыла вас, але затое бачыла д’ябла з вогненнай галавой!»

«О, — сказала пані Трудэ, — ты бачыла ведзьму ў яе сапраўдным убраньні. Я ўжо даўно цябе чакала і клікала; ты мусіш мне пасьвяціць».

І тады пані Трудэ ператварыла дзяўчынку ў драўляную калоду і кінула яе ў агонь. І калі калода разгарэлася, пані Трудэ прысела ля агню і стала грэцца, прыгаворваючы: «Хай трошкі пасьвеціць!»