Ад панядзелка — акцыі ў абарону музэя Максіма Багдановіча

Музэй Максіма Багдановіча ў Менску

Ад панядзелка, 16 сьнежня, распачынаюцца паэтычныя чытаньні ў абарону музэя Максіма Багдановіча ў Траецкім прадмесьці Менску.
На прыступках будынку музэя вершы Максіма Багдановіча прачытаюць аматары творчасьці паэта.

Таксама паэтычныя прысьвячэньні клясыку беларускай літаратуры прачытаюць вядомыя беларускія літаратары.

Як паведаміў Свабодзе адзін з заснавальнікаў партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя Павал Севярынец, акцыя сталася водгукам прыхільнікаў беларускай літаратуры і аматароў творчасьці Максіма Багдановіча на заклік вядомых беларускіх літаратараў і грамадзкіх дзеячоў не дазволіць закрыць музэй Максіма Багдановіча.

У адпаведнасьці з прэзыдэнцкай пастановай № 168 аб скарачэньні дзяржапарату, Міністэрства культуры прыняло рашэньне з 1 студзеня перавесьці Літаратурныя музэі Максіма Багдановіча ў Менску і Гародні ў філіялы Музэя гісторыі беларускай літаратуры і аддзел Гарадзенскага гісторыка-археалягічнага музэя. Вядомыя беларускія пісьменьнікі і паэты занепакоеныя, што наступным крокам стане адабраньне саміх будынкаў музэеў.

Яны заяўляюць, што наступ уладаў на музэі Максіма Багдановіча ёсьць наступам на беларускую культуру, літаратуру і мову з мэтай далейшай асыміляцыі беларускага народу.

Як паведаміў Павал Севярынец, паэтычныя чытаньні і выступы бардаў, якія сьпяваюць песьні на вершы Максіма Багдановіча, будуць праходзіць на прыступках музэя з 18.00 штодня да тае пары, пакуль улады не адмовяцца ад намераў закрываць музэі ў Менску і Горадні.