Круглы стол зь Януковічам: падчас выступаў апазыцыі адключылі інтэрнэт

Віктар Януковіч

На круглым стале ў палацы «Украіна» з удзелам 4-ох прэзыдэнтаў і лідэраў Эўрамайдану падчас выступаў апазыцыі ў залі адключыўся інтэрнэт і мабільная сувязь. Была перарваная онлайн-трансьляцыя.
У Палацы «Ўкраіна» праходзіць круглы стол з удзелам прэзыдэнта і лідэраў апазыцыі.

Лідэры апазыцыі пайшлі на перамовы з прэзыдэнтам Украіны Віктарам Януковічам. Пра гэта са сцэны Майдану абвясьціў грамадзянскі актывіст Ягор Собалеў.

ЖЫВАЯ ВІДЭАТРАНСЬЛЯЦЫЯ


У прэсавай службе партыі «Бацькаўшчына» паведамляецца, што далейшыя перамовы з уладамі магчымыя толькі пасьля выкананьня папярэдніх патрабаваньняў. «Перш за ўсё гутарка ідзе пра звальненьне і закрыцьцё крымінальных спраў у дачыненьні да ўсіх удзельнікаў акцыі пратэсту. Акрамя таго, сярод патрабаваньняў Майдану — пакараньне міністра ўнутраных спраў Віталя Захарчанкі і іншых так званых праваахоўнікаў за ўжываньне сілы супраць мірных дэманстрантаў. Трэцяе патрабаваньне — адстаўка ўраду Азарава, які нясе палітычную адказнасьць за ўжываньне сілы», — гаворыцца ў паведамленьні.

Раней Януковіч запрасіў апазыцыю да дыялёгу за «круглым сталом». «Я неаднаразова падкрэсьліваў , што адзіна магчымы шлях — гэта шлях прымірэньня і згоды», — сказаў ён.

У апазыцыі заявілі, што гатовыя да перамоваў толькі пасьля выкананьня трох умоваў Майдану. Акрамя таго, у перамовах, на думку апазыцыі, павінны ўдзельнічаць прадстаўнікі міжнародных арганізацый