У Берасьці забаранілі канцэрт праекту «Тузін. Немаўля»

Берасьцейскі гарвыканкам

Канцэрт, які мае падтрымку Міністэрства культуры Беларусі і ўдзельнічаў ў кінафэстывалі «Лістапад», забаронены берасьцейскімі чыноўнікамі.
Намесьнік начальніка галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы Берасьцейскага гарвыканкаму Сяргей Панасюк спачатку дазволіў правесьці канцэрт праекту «Тузін. Немаўля», аднак потым, як распавёў адзін з арганізатараў імпрэзы Сяргей Будкін, чыноўнік пачаў пытацца, ці будуць на канцэрце сябры БНФ. У выніку намесьнік старшыні гарвыканкаму Ала Старыкевіч забараніла канцэрт, спаслаўшыся на тое, што засьцерагаюцца палітыкі.

«Свабода» папрасіла Алу Старыкевіч патлумачыць прычыны забароны імпрэзы.

«Такіх зваротаў у нас ня было...»

На далейшыя пытаньні Ала Старыкевіч адказваць адмовілася.

Арганізатар забароненага ў Берасьці канцэрту Сяргей Будкін так пракамэнтаваў «Свабодзе» дзеяньні чыноўнікаў:

«Гэта абсалютна некамэрцыйны паказ, нават была размова, каб палова, а то і цалкам грошы з продажу квіткоў пайшлі дому культуры, і адпаведна, у гарадзкі бюджэт. Сяргей Панасюк сказаў, што няма праблем, нам прадставяць пляцоўку. Вера ў людзей незгасальная, таму мы паверылі на слова. І калі ўжо наш чалавек прыйшоў па квіткі, яму яшчэ раз параілі ўзгадніць з ідэолягамі. А ідэолягі банальным чынам спужаліся. Спачатку цікавіліся аўтарскімі правамі, прыйшлося падключыць Дзяржфільмафонд Расеі. У выніку, з гэтым разабраліся. Але потым узьніклі іншыя прэтэнзіі ўжо ідэалягічнага кшталту.»

Канцэрт у Берасьці плянаваўся на 15 сьнежня. У часе імпрэзы гледачам меліся паказаць клясыку беларускага нямога кіно — стужку рэжысэра Ўладзімера Корша-Сабліна ў жывым суправаджэньні гурта Relikt.

Сяргей Будкін распавёў «Свабодзе», што замест Берасьця імпрэза пройдзе ў польскай Гайнаўцы.


Your browser doesn’t support HTML5

Музыкі ажывілі нямое беларускае кіно