Рыхтуючы да выданьня кнігу «Рада БНР. 1947-1970. Падзеі, дакумэнты, асобы» (выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Бацькаўшчыны»), гісторык Натальля Гардзіенка сустрэлася ў Парыжы з сынам колішняга прэзыдэнта Рады Міколы Абрамчыка.
— Спадарыня Натальля, у 1998 годзе ў сьвет выйшлі двухтамовыя «Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі», падрыхтаваныя Сяргеем Шупам. Ці можна сказаць, што ваша супольная зь Лявонам Юрэвічам кніга зьяўляецца працягам таго двухтамовіка, паколькі і там, і там публікуюцца дакумэнты, датычныя дзейнасьці адной інстытуцыі?
— Найперш трэба сказаць, што дасьледаваньне беларускай эміграцыі наогул і Рады БНР у прыватнасьці, як і ў цэлым стаўленьне да іх на мэтраполіі, падобнае да арэляў. Ад суцэльнага непрыманьня і нэгатыву савецкага часу, да захапленьня і некрытычнага стаўленьня пачатку 1990-х, і потым — да пэўнай абыякавасьці сёньня. Тут заўсёды багата эмоцыяў, і таму вельмі важным момантам зьяўляюцца публікацыі дакумэнтаў. На іх можна абапірацца якраз дзеля таго, каб зьменшыць эмацыйнасьць і зрабіць вывучэньне больш навуковым. Два тамы Сяргея Шупы, падрыхтаваныя на высокім узроўні, сталі грунтоўным выданьнем, на якое абапіраліся дасьледнікі даваеннай Рады БНР. Але нашая кніга — не працяг. Мы зь беларускім дасьледнікам з ЗША Лявонам Юрэвічам ставілі перад сабой іншыя задачы. Акрамя публікацыі дакумэнтаў і ліставаньня, мы прадставілі і бібліяграфію БНР-аўскіх публікацый, хроніку дзейнасьці і біяграфічныя нарысы. І галоўнае, мы паспрабавалі даць агульны гістарычны нарыс, зрабіць першую спробу асэнсаваньня дзейнасьці паваеннай Рады БНР. Галоўнай нашай задачай было стварыць пэўны падмурак дзеля далейшага вывучэньня гэтага фактычна недасьледаванага этапу ў дзейнасьці БНР.
— Ваша кніга ахоплівае даволі працяглы пэрыяд дзейнасьці Рады БНР — з 1947 па 1970 год. Як бы вы яго схарактарызавалі — у параўнаньні з другімі пэрыядамі?
— Першы паваенны пэрыяд у дзейнасьці Рады БНР быў складаным і адказным. У час, калі фармавалася новая палітычная сытуацыя ў сьвеце, беларусам таксама было вельмі важна знайсьці сваё месца. Масавая хваля эміграцыі ваенных часоў, калі на Захадзе апынулася вялікая колькасьць сьвядомай беларускай інтэлігенцыі з выразным нацыянальным і антыкамуністычным сьветапоглядам (чаго не было раней), мела сур’ёзны патэнцыял дзеля стварэньня пэўнага іміджу Беларусі ў вачах заходняга грамадзтва. І палітычнае прадстаўніцтва незалежнай несаветызаванай дзяржавы было надзвычай важным фактарам як для саміх уцекачоў, так і ў вачах палітычных лідараў заходніх краінаў. Гэта быў час вялікіх надзеяў, у чымсьці надзвычай рамантычных, спадзеваў на хуткае вызваленьне Беларусі дзякуючы ўмяшальніцтву Захаду. І часам расчараваньняў, калі праз некалькі гадоў стала відавочным, што гэтага вызваленьня ня будзе. Таксама гэта быў час, калі Рада БНР актыўна намагалася заняць сваё ўласнае месца сярод палітычных прадстаўніцтваў іншых нацыянальных групаў на Захадзе, а таксама давесьці міжнароднай супольнасьці праблемы і спадзяваньні беларусаў. Ня ўсё атрымалася, але падваліны наступнага ўспрыманьня Беларусі, прыкладам, у палітычных колах ЗША, былі закладзеныя менавіта ў той час. І тое, што на пачатку 1990-х абвяшчэньне незалежнасьці Беларусі было так хутка прынятае Захадам, таксама ў пэўным сэнсе вынік тае працы, якую пачала паваенная Рада БНР на чале зь Міколам Абрамчыкам.
— Абрамчыка можна лічыць галоўным фігурантам вашай кнігі. Ён займаў пасаду прэзыдэнта Рады БНР 23 гады, да самай сваёй сьмерці. Ларыса Геніюш у сваёй незакончанай паэме прыгадвала, як яе ў менскай турме МГБ дапытваў Лаўрэнцій Цанава: «Хто ёсьць Абрамчык? — енчыць злавесна. — Друг твой ці брат? Хто ёсьць Абрамчык?! — Друг мой Абрамчык і дэмакрат». А якой Вам бачыцца постаць першага паваеннага прэзыдэнта БНР?
— Наша кніга акурат і прымеркаваная да сёлетняга 110-годзьдзя Міколы Абрамчыка. Ён меў дзьве вышэйшыя адукацыі, трывалыя нацыянальныя перакананьні, быў вельмі актыўны. У міжваенны час разам з паплечнікам Лявонам Рыдлеўскім ён стаў заснавальнікам першай беларускай арганізацыі ў Францыі, у часе вайны працаваў у Камітэце самапомачы ў Бэрліне, адкуль быў высланы пад нагляд гэстапа ў Парыж, а ў паваенны час вельмі актыўна займаўся дапамогай уцекачам у розных міжнародных структурах, пакуль не была афіцыйна адноўленая Рада БНР. Бадай што ўсе посьпехі і няўдачы Рады ў той час непасрэдна зьвязаныя з гэтай асобай. Унікальнасьць сытуацыі Абрамчыка ў тым, што ён быў у паваенны час адзіным сярод беларусаў прафэсійным палітыкам. Ён жыў за кошт сваёй палітычнай дзейнасьці. Магчыма, менавіта таму ён столькі пасьпеў зрабіць. Ён быў выдатным дыпляматам, умеў наладжваць кантакты. Праўда, усё роўна час ад часу ўзьнікалі канфлікты ўнутры самой Рады. Міколу Абрамчыка зьвінавачвалі ў аўтарытарызме, у непрыманьні іншадумства. Відавочна, характар ён меў няпросты, і стаўленьне да яго было рознае, але варта ацэньваць найперш вынікі ягонай дзейнасьці.
— На пасьмяротную рэпутацыю Абрамчыка, як падаецца, адмоўна паўплывала сытуацыя з архівам. Вядома, што ягоная жонка адмовілася перадаць Радзе БНР тую частку архіву, якая перахоўвалася ў іхным доме. Вы ў гэтай справе выяжджалі ў Парыж, дзе сустракаліся з сынам Абрамчыка Альгердам. Што-небудзь вам удалося высьветліць?
— Спатканьне з Альгердам Абрамчыкам мела на мэце ня столькі высьветліць лёс архіваў Рады БНР, перададзеных Міколу Абрамчыку Васілём Захаркам, колькі знайсьці нейкія паперы, здымкі, архівы самога Абрамчыка. Хацелася ведаць, якім ён быў чалавекам у паўсядзённым жыцьці, у сям’і. На жаль, Альгерд няшмат змог расказаць пра бацьку, якога праз пастаянную занятасьць апошняга мала бачыў і дрэнна ведаў. Мікола Абрамчык памёр, калі Альгерду было недзе 12 гадоў. На жаль, ня толькі ўспамінаў, але і нейкіх дакумэнтаў у сына прэзыдэнта, паводле ягоных словаў, не засталося. Не ўдалося паглядзець і хату Міколы Абрамчыка. Разам з тым, багатае ліставаньне Міколы Абрамчыка было знойдзена намі і ў архіве БІНіМу, і ў лёнданскай Скарынаўцы, і ў зборах канадыйскіх беларусаў у Нацыянальным архіве Канады. Усё гэта і скарыстана ў нашай кнізе.
— Улічваючы цікавасьць да архіваў БНР з боку савецкіх спэцслужбаў, ці маглі дакумэнты трапіць у Савецкі Саюз?
— Напэўна, была і такая магчымасьць. Справа архіваў да сёньня застаецца таямніцай. Рада БНР цягам некалькіх гадоў вяла перамовы зь Нінай Абрамчык пра перадачу архіву, нават судзіцца зь ёю хацела, але так нічога і не дамаглася. Праз гэта, трэба сказаць, стаўленьне да самога Міколы Абрамчыка на эміграцыі сапраўды зьмянілася. Вызнаючы безумоўныя ягоныя заслугі ў аднаўленьні і дзейнасьці Рады, шмат хто лічыў яго асабіста вінаватым у тым, што архіў БНР прапаў.
— Адна з вэрсій — нібыта архіў трэба шукаць у... магіле Абрамчыка. А таму месца пахаваньня таксама ўтрымлівалася ў сакрэце. У вашай кнізе зьмешчаныя здымкі магілы былога прэзыдэнта БНР. Дык гэта ўжо не таямніца?
— Засакрэчанасьць магілы была крыху перабольшаная. Зразумела, што і Ніна Абрамчык, і Альгерд заўсёды ведалі, дзе пахаваны прэзыдэнт. Ведалі і парыскія беларусы, якіх, безумоўна, былі адзінкі. У архівах Скарынаўкі захаваліся даведкі пра пахаваньне і мапа. Проста імі ніхто доўгі час не цікавіўся. Магіла знаходзіцца на вядомых могілках Пэр-Ляшэз, яна вельмі сьціплая, мне, прызнаюся, было складана яе адшукаць. Там доўгі час не было адмысловай шыльды. Цяпер ёсьць. Мікола і Ніна Абрамчыкі пахаваныя разам. Зноў жа, праз тое, што Ніна Абрамчык пасьля сьмерці мужа аддалілася ад беларускай грамады на Захадзе, не было вырашана і пытаньне з помнікам на магіле. Альгерд сказаў, што сам мае намер паставіць адпаведны помнік.
— Давайце вернемся да дзейнасьці паваеннай Рады БНР, якая не была толькі палітычнай. Я маю на ўвазе дзейнасьць дывэрсійную — дэсантаваньне ў Беларусь, скажам, Янкі Філістовіча, які меў упаўнаважаньне ад Рады. У БССР ён быў схоплены і неўзабаве расстраляны. Навошта было пасылаць людзей на сьмерць?
— Ня думаю, што варта казаць пра сьвядомае пасыланьне людзей на сьмерць. Гэта была вельмі складаная справа. Падрабязьней пра гэта можна прачытаць ва ўспамінах Барыса Рагулі. На пачатку «халоднай вайны» жаданьне паўплываць на сытуацыю на радзіме, што апынулася ў складзе СССР, мелі палітычныя колы бадай усіх нацыянальных групаў. Гэта актыўна падтрымлівалася заходнімі спэцслужбамі. Але тое не было асноўным кірункам дзейнасьці паваеннай Рады БНР. Найбольш істотнымі былі два напрамкі. Па-першае, гуртаваньне беларускіх эмігрантаў на Захадзе, што рабіць было складана праз змаганьне з палітычнымі апанентамі — Беларускай Цэнтральнай Радай. Па-другое, удзел у стварэньні шырокага антыкамуністычнага руху на эміграцыі. І тут Рада БНР і асабіста Мікола Абрамчык адыгралі вельмі важную ролю. Ён стаў адным з заснавальнікаў і доўгачасовым кіраўніком Лігі вызваленьня народаў СССР (Парыскага блёку), якая ператварылася ў 50-я ў фактычнага саюзьніка Амэрыканскага камітэту вызваленьня. Дзякуючы гэтаму супрацоўніцтву, з аднаго боку, у сьвядомасьці амэрыканскіх палітыкаў узьнік трывалы падзел беларусаў (а таксама ўкраінцаў і прадстаўнікоў іншых паняволеных у СССР народаў) ад уласна расейцаў. Зь іншага боку, дзякуючы гэтым кантактам з амэрыканцамі, сталіся магчымымі арганізацыя беларускага аддзелу ў мюнхенскім Інстытуце вывучэньня СССР і беларускай рэдакцыі Радыё Свабода (спачатку — Радыё Вызваленьне).
— А як спрычынілася Рада БНР да стварэньня беларускай Свабоды?
— Бяз Рады БНР радыё наўрад ці ўвогуле зьявілася б. Беларуская рэдакцыя была створаная дзякуючы дамоўленасьці з Каардынацыйным цэнтрам антыкамуністычнай барацьбы, які быў інсьпіраваны тым самым Амэрыканскім камітэтам. Мікола Абрамчык згадваў, што Парыскі блёк і Камітэт дамовіліся, што склад нацыянальных рэдакцыяў радыё меўся ўзгадняцца з адпаведнымі эміграцыйнымі палітычнымі прадстаўніцтвамі. У прыватнасьці, сам Мікола Абрамчык ня толькі дамаўляўся з амэрыканцамі пра арганізацыю беларускай рэдакцыі, але і падшукваў і ўзгадняў кандыдатуры супрацоўнікаў. Фактычна, пакуль быў жывы, ён намагаўся, каб кадравыя пытаньні ў рэдакцыі абавязкова вырашаліся пры ўдзеле Рады БНР. Менавіта тады, у 50-я, быў закладзены падмурак дзейнасьці сёньняшняй беларускай службы Радыё Свабода. Варта адзначыць, што гэтай ініцыятыве Рады БНР пашчасьціла болей, як беларускаму аддзелу мюнхенскага Інстытуту вывучэньня СССР. Ён быў зачынены амэрыканцамі ў пэрыяд паляпшэньня адносінаў з СССР.
— Пасьля выхаду ў сьвет вашай кнігі і згаданага ўжо двухтамовіка Сяргея Шупы якія цёмныя плямы для вас як дасьледчыка застаюцца ў дзейнасьці Рады БНР?
— Ёсьць багата вартых увагі сюжэтаў. Шмат незразумелага з самім аднаўленьнем дзейнасьці Рады, як і калі яно рэальна адбывалася. Мы ў кнізе прыводзім сваю вэрсію, згодна зь якой аднаўленьне адбылося не ў 1947 годзе, а ў 1946-м. Але гэта пакуль толькі вэрсія, якая патрабуе праверкі. Цікавы сюжэт — праект Канстытуцыі, распрацаваны яшчэ ў 40-я Леанідам Галяком, ня менш цікавы — беларуская рэдакцыя Гішпанскага радыё ў Мадрыдзе, якая таксама дзейнічала дзякуючы Радзе. Варта вывучаць і беларуска-літоўскія, беларуска-польскія, беларуска-ўкраінскія, беларуска-грузінскія ды іншыя палітычныя дачыненьні на эміграцыі. Варта ўлічваць, што Рада БНР на эміграцыі была і ёсьць фактычна ў дзьвюх іпастасях. З аднаго боку — гэта сымбаль незалежнай нацыянальнай дзяржаўнасьці, які гуртуе нацыянальна-сьведамых эмігрантаў. Зь іншага — гэта пэўная структура, якая складаецца з канкрэтных людзей са сваімі інтарэсамі і праблемамі. І гэта трэба разумець. Пасьля Міколы Абрамчыка кіраўніком Рады быў Вінцэнт Жук-Грышкевіч — таксама выбітная асоба ў паваеннай эміграцыі. Пра Раду БНР пад яго кіраўніцтвам сёньня вядома яшчэ менш, чым пра папярэднюю. Таму цалкам лягічна будзе працягнуць вывучэньне і публікацыю дакумэнтаў Рады БНР і далей.