Каб езьдзіць на машыне, трэба будзе заплаціць уладам да 3 млн рублёў

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў 12 снежня прынялі ў першым чытаньні законапраект, які ўводзіць дзяржаўны збор за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху, паведамляе БелаПАН.

Як зазначыў міністар фінансаў Андрэй Харкавец, «нягледзячы на палярнасьць меркаваньняў наконт увядзеньня збору, варта прызнаць, што ён шырока ўжываецца ў сьвеце». Паводле яго слоў, збор будзе брацца з усіх уласьнікаў транспартных сродкаў, як фізычных, гэтак і юрыдычных асоб. Ільготы пры зьбіраньні падатку закрануць толькі спэцыяльныя транспартныя сродкі для інвалідаў, МНС, хуткай дапамогі і грамадзкага транспарту.

Памер збору будзе дыфэрэнцыяваны ў залежнасьці ад віду і масы транспартнага сродку. Яго памер складзе ад 3 да 25 базавых велічыняў (390.000 — 3.250.000 рублёў), у тым ліку для фізычных асобаў на легкавыя аўтамабілі — ад 3 да 10 базавых велічыняў (390.000 — 1.300.000).

Такім чынам улады спадзяюцца сабраць 1,6 трлн рублёў. Дэкляруецца, што гэтыя сродкі будуць накіраваныя на рамонт і будаўніцтва аўтадарог.