Багдановіч расплаціцца за сваю «Пагоню»

Your browser doesn’t support HTML5

Пісьменьнікі пра паніжэньне статусу музэяў Максіма Багдановіча

Кіраўнікі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, беларускага ПЭН-цэнтру, мастацкай суполкі «Пагоня», кампаніі «Гавары праўду» выступілі ў абарону музэяў Максіма Багдановіча ў Менску і Горадні.
Прадстаўнікі творчай грамадзкасьці пратэстуюць супраць пераводу музэяў у шэрагі філіяў і маюць намер выступіць у іх абарону. Пра гэта яны паведамілі на адмысловай прэсавай канфэрэнцыі.

Літаратурныя музэі Максіма Багдановіча ў Менску і Горадні зь 1 студзеня пераводзяцца ў філіял Музэя гісторыі беларускай літаратуры і ў аддзел Гарадзенскага гісторыка-археалягічнага музэя. Гэткім чынам Міністэрства культуры выконвае прэзыдэнцкую пастанову № 168 аб скарачэньні дзяржапарату. Начальнік Упраўленьня ўстаноў культуры Вадзім Шчэрбіч заяўляе, што музэям ад гэтага стане толькі лепш:

«Я ня бачу праблем. Наадварот, музэям будзе лепш працаваць, бо яны ня будуць займацца непатрэбнымі пытаньнямі гаспадарчай дзейнасьці, бухгальтэрыяй. Яны будуць займацца толькі творчымі пытаньнямі. Больш нічога не мяняецца».

Адпаведная пастанова міністра культуры Барыса Сьвятлова знаходзіцца на ўзгадненьні ў Савеце Міністраў. Тым часам прадстаўнікі творчай грамадзкасьці не падзяляюць меркаваньняў і настрояў чыноўнікаў Мінкульту і перакананыя, што рэарганізацыя музэяў Максіма Багдановіча зь пераводам іх у філіялы — толькі пачатак іх поўнага зьнішчэньня.

«Заўтра гэта філіял, а пасьля недзе нараджаецца думка: а навошта філіялу, дзе з трыццаці супрацоўнікаў засталося толькі дзесяць, вялікі будынак? Давайце ўшануем памяць Максіма Багдановіча заляй у Музэі гісторыі беларускай літаратуры. Гэтак хтосьці атрымае выдатны будынак, тым больш, што суседзі ў гэтага музэя вельмі ўплывовыя, а мы будзем мець сьціплую залю Максіма Багдановіча», — гаворыць пісьменьнік Уладзімер Арлоў.

Уладзімер Арлоў


Паводле чыноўнікаў Мінкульту, пазбаўленьне музэяў Максіма Багдановіча іх статусу і скарачэньне штату супрацоўнікаў дасьць магчымасьць сэканоміць матэрыяльныя сродкі. Прадстаўнікі творчай інтэлегэнцыі перакананыя, што ў сапраўднасьці ўлада вядзе наступ на ўсё беларускае: нацыянальную гісторыю, культуру, мову. І асабліва — на найбольш яркіх яе прадстаўнікоў, адным зь якіх ёсьць Максім Багдановіч — аўтар «Пагоні», якая гэтак раздражняе цяперашнія ўлады.

«Мы ведаем, што гэтая пастанова Мінкульту ўжо дзенічае, што ў Гародні музэй Максіма Багдановіча ўжо ператвораны ў філію. Ідзе скарачэньне па ўсёй краіне. Але сфэра культуры — ня тая галіна, дзе можна эканоміць сродкі, бо ведаем, якія мізэрныя сродкі выдаткоўваюцца на ўстановы культуры. Можна было б знайсьці гэтыя сродкі на скарачэньні ідэалягічных работнікаў, якія ўзмоцнена працуюць у выканкамах, у тым ліку і БРСМ. Гэта азначае, што робіцца гэта не дзеля нейкай там аптымізацыі і эканоміі. За гэтым бачыцца сапраўды нешта больш ганебнае, чым мы нават можам уявіць. Ідзе сапраўды наступ на беларускую культуру, ідзе русіфікацыя беларускага грамадзтва», — гаворыць старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч.

Уладзмер Някляеў і Генадзь Бураўкін


Удзельнікі прэсавай канфэрэнцыі — а гэта грамадзкія і творчыя дзеячы Лявон Баршчэўскі, Аляксей Марачкін, Валеры Мазынскі, Генадзь Бураўкін — выказаліся за тое, каб у Беларусі не былі закрытыя музэі клясыка беларускай літаратуры, але каб быў створаны Нацыянальны музэй Максіма Багдановіча. Дадатковай падставай для гэтага ёсьць тое, што цяперашні музэй у Менску — адзін з найлепшых у Беларусі, праводзіць шмат культурных творчых імпрэзаў, мае шырокія міжнародныя сувязі, выбітнае афармленьне, зробленае беларускім мастакамі за часы кіраўніцтва Алеся Бяляцкага. У гэтай сувязі паэт Уладзімер Някляеў сказаў:

«Відавочна, што гэтая аптымізацыя ёсьць працэсам ліквідацыі беларускай духоўнасьці. Вось зараз Майдан: там ідзе барацьба за ўладу — адны спрабуюць выціснуць іншых. Але там ніхто не выціскае Тараса Шаўчэнку, Лесю Ўкраінку, там ніхто не выцясьняе Ўкраіну. У нас гэты працэс ідзе ад самага пачатку прыходу да ўлады Лукашэнкі. І тое, што адбываецца з музэем Максіма Багдановіча — зьвёны аднаго ланцуга. У Беларусі сёньня культурны і духоўны фронт — вось, дзе мы павінны змагацца, калі хочам застацца людзьмі і калі хочам быць вартымі нашых суседзяў, якія сёньня стаяць на Майдане».

Прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі заявілі, што распачнуць бараніць музэй Максіма Багдановіча даступнымі ім сродкамі: на прыступках будынка будуць праходзіць мастацкія пэрфомансы, паэтычныя чытаньні і выступы бардаў, якія выконваюць песьні на вершы паэта.