Найлепшыя сярод праваабаронцаў

Сяргей Кручкоў, Гары Паганяйла, Тамара Сідарэнка, Андрэй Бандарэнка

Праваабарончая супольнасьць назвала ляўрэатаў конкурсу на ганаровыя званьні «Найлепшы праваабаронца году», «Найлепшы адвакат году» і «Найлепшы журналіст году», які працуе ў галіне правоў чалавека.
Найлепшым праваабаронцам 2013 году, паводле ганаровага журы з прадстаўнікоў праваабарончых арганізацыяў і ляўрэатаў 4 мінулых гадоў, названы кіраўнік «Плятформы-інавэйшн» Андрэй Бандарэнка. Журы адзначыла ягоную асабістую мужнасьць у абароне правоў вязьняў беларускіх турмаў, не падзяляючы іх на палітычных ці звычайных. Праваабаронца зь «Вясны» Валянцін Стэфановіч сказаў на цырымоніі ўручэньня дыплёмаў, якая адбылася ў кнігарні «ЛогвінаЎ»:

«Правы чалавека ёсьць ва ўсіх: у добрых людзей і ў кепскіх, у тых, хто на волі, і тых, хто ў турме. Гэтых, хто ў турме, магчыма, трэба бараніць як нікога. І я вельмі рады ўручыць гэты дыплём Андрэю Бандарэнку за ягоную працу».

За ўдзел у пікеце памяці загінулага на Валадарцы Ігара Пцічкіна Андрэю Бандарэнку давялося адбыць 5 сутак адміністрацыйнага арышту. Свой удзел у недазволеным пікеце праваабаронца патлумачыў у інтэрвію «Радыё Свабода»:

«Гэта быў мэтанакіраваны крок, каб падштурхнуць сыстэму, каб зьвярнуць увагу на той абуральны факт, што ў нас забойства чалавека не прывяло да расьсьледаваньня і пошуку тых, хто гэта зрабіў. Таму я не шкадую, што парушыў гэты неразумны закон „Аб масавых мерапрыемствах“. У выніку была ўсё ж заведзеная крымінальная справа, а зараз ужо правялі і эксгумацыю цела Ігара Пцічкіна. Гэта дае нейкі шанец, што вінаватых у забойстве Ігара Пцічкіна прыцягнуць да адказнасьці».

Your browser doesn’t support HTML5

Уручэньне прэміяў праваабарончых арганізацыяў за 2013 год


Найлепшым адвакатам году прызнаны вядомы праваабаронца «Беларускага Хэльсынскага камітэту» Гары Паганяйла, які яшчэ ў 1990-х гадах бараніў першых палітычных вязьняў і дагэтуль дапамагае сваім калегам-адвакатам у прафэсійным росьце. Гары Паганяйла зазначыў, што сытуацыя ў адвакацкай супольнасьці застаецца вельмі складанай і патрабуе ня толькі ведаў, але і мужнасьці:

«На жаль — і я пра гэта шмат разоў казаў — мне сёньня шкада сваіх братоў па прафэсіі. Шкада ня толькі адвакатаў, але і сьледчых, пракурораў, судзьдзяў, якія ў цяперашніх умовах ня могуць прыстойна служыць сваёй прафэсіі. Кажу дзякуй за гэты гонар з надзеяй на тое, што лепшыя часы для Беларусі яшчэ наступяць».

Намінантамі ў конкурсе сярод журналістаў, якія пішуць на праваабарончыя тэмы, былі некалькі вядомых аўтараў, сярод іх карэспандэнт «Радыё Свабода» Валер Каліноўскі за кнігу пра Алеся Бяляцкага, журналіст «Радыё Рацыя» Генадзь Барбарыч ды іншыя. Журы праваабаронцаў назвала найлепшай працу праграмы «Маю права» тэлеканалу Белсат. Журналіст Сяргей Кручкоў, які прадстаўляў праграму, зьвярнуў увагу на праблемы грамадзтва:

Сяргей Кручкоў


«Мы маем адны і тыя ж праблемы, грукаемся ў адны і тыя ж дзьверы, якіх становіцца ўсё больш. Але, пэўна, такі лёс ва ўсіх праваабаронцаў і журналістаў ва ўсіх краінах. Ня думаю, што гэта тычыцца толькі нас. Іншая рэч, што ў іншых краінах, якія лічаць сябе нармальнымі, закон спрыяе таму, каб журналісты маглі абараніць правы людзей, а ў нас — усё зачынена і тут», — сказаў Сяргей Кручкоў.

Удзельнікі цырымоніі зазначылі, што сёньня, 10 сьнежня, споўнілася 6 гадоў, як пачаў працаваць тэлеканал «Белсат».

Выступае старшыня «Праваабарончага альянсу» Людміла Гразнова

Выступае жонка Міколы Статкевіча Марына Адамовіч