Губарэвіч: Сілы Януковіча бяруць апанэнтаў на змор

Юрась Губарэвіч

Першы намесьнік кіраўніка руху «За Свабоду!» Юрась Губарэвіч днямі вярнуўся з Кіеву і лічыць, што ўкраінскія ўлады ў спробе нэўтралізацыі супраціву перайшлі да новай тактыкі — бяруць апанэнтаў на змор.
Юрась Губарэвіч: «Тое, што мы назіраем, сьведчыць пра адно: прынятае рашэньне наносіць першыя ўдары па ўмацаваньнях выступоўцаў, маніфэстантаў. Зразумела, былі абраныя самыя слабыя месцы, таму што тыя ўмацаваньні ва ўрадавых кварталах знаходзяцца ў некалькіх сотнях мэтраў ад асноўнага масіву, ад Майдану — нават болей за кілямэтар ёсьць адлегласьць. І асабліва ў вечаровы час, уначы там застаецца значна меншая колькасьць людзей, чым прысутнічае ў цэнтры, на самой плошчы. Таму, натуральна, сілавікам ня трэба было прыкладаць вялікія намаганьні, каб зачысьціць разрозьненыя барыкады, якія ахоўваюць, паводле маіх назіраньняў, нават у дзённы час ад некалькіх дзясяткаў да некалькіх сотняў чалавек. А ўвечары гэтая колькасьць яшчэ меншая. Я лічу, што падобная тактыка будзе працягвацца. Будуць вышукваць слабыя месцы ў абароне. Магчыма, наступным аб’ектам стане будынак Кіеўскай гарадзкой адміністрацыі, які таксама знаходзіцца наводдаль ад асноўных умацаваньняў, зьяўляецца зручным аб’ектам, каб патлумачыць дзеяньні сілавікоў: дзяржаўны будынак, паводле рашэньня суда, мусіць быць вызвалены».

Карэспандэнт: «Ці магчымыя сілавы дзеяньні з боку спэцпадразьдзяленьняў?»

Юрась Губарэвіч: «Мне падаецца, што наўрад ці, бо гэта выкліча яшчэ больш моцную хвалю абурэньня. Магутны выхад людзей на вуліцу і падзеі першай зачысткі Майдана якраз гэтаму ёсьць пацьвярджэньнем: некалькі сотняў людзей былі разагнаныя, а ў адказ выйшлі сотні тысяч. На маю думку, хутчэй за ўсё, будзе абраная тактыка на вымотваньне сілаў дэманстрантаў, тым больш, што зараз і ўмовы надвор’я не спрыяюць доўгаму знаходжаньню людзей на вуліцы. Больш за два тыдні цягнецца само супрацьстаяньне. Людзі стаміліся, папросту патрэбныя новыя сілы. А каб зьяўляліся новыя сілы, патрэбная нейкая дакладная мэта, якая стаіць перад пратэстоўцамі: тое, што яны хацелі б дасягнуць літаральна ў бліжэйшы час. Гэтага пакуль таксама няма. Таму ўрад і сілы Януковіча будуць чакаць».

У ноч на 10 сьнежня спэцслужбы зьнішчылі барыкады ва ўрадавым квартале Кіева.