Чаго пазьбягаюць псыхічна моцныя людзі?

Эмі Морын, амэрыканская псыхатэрапэўтка і спэцыялістка ў сфэры мэдычна-сацыяльнай службы, склала сьпіс рэчаў, якіх трэба пазьбягаюць тым, хто хоча захаваць душэўныя сілы і псыхічны балянс у жыцьці. Прапануем вам пазнаёміцца з гэтым сьпісам і некаторымі камэнтарамі, дададзенымі да яго часопісам «Forbes» з прыцэлам на прадпрымальнікаў і бізнэсоўцаў.

1. Не марнуйце часу на самашкадаваньне. Псыхічна моцныя людзі навучыліся браць на сябе адказнасьць за свае дзеяньні і іх вынікі, і яны разумеюць, што жыцьцё часта паварочваецца несправядлівым бокам. Паразу або цяжкую сытуацыю ў жыцьці трэба ўспрымаць як урок, а не як нагоду для самашкадаваньня.

2. Не дазваляйце іншым узяць кантроль над вашым жыцьцём.

3. Ня бойцеся зьменаў. Псыхічна моцныя людзі вітаюць перамены і новыя выклікі. Калі яны нечага баяцца, дык у першую чаргу самазадаволенасьці і застою.

4. Не марнуйце энэргіі на рэчы па-за вашым кантролем. Ня варта наракаць на неспрыяльныя «абставіны» або скардзіцца на «іншых людзей», паколькі абставіны і іншыя людзі наогул ад нас не залежаць. Ад нас напэўна залежыць наша ўласная рэакцыя і стаўленьне да навакольля.

5. Не перажывайце, калі вы ня ўсім падабаецеся.

6. Ня бойцеся рызыкі. Псыхічна моцны чалавек заўсёды гатовы ісьці на апраўданую рызыку.

7. Ня думайце зашмат пра мінулае. Замест гэтага інвэстуйце большасьць сваёй энэргіі ў стварэньне аптымальнай сучаснасьці і будучыні.

8. Не паўтарайце старых памылак. Інакш кажучы, не рабіце дзеяньняў, якія калісьці прывялі вас да паразы, з надзеяй, што некалі яны ўсё ж могуць даць посьпех.

9. Не зайздросьціце посьпеху іншых.

10. Не паддавайцеся дэпрэсіі пасьля паразы.

11. Ня бойцеся заставацца адзінокім. Псыхічна моцныя людзі скарыстоўваюць час, які праводзяць у самоце, дзеля таго, каб абдумаць мінулае ды заплянаваць будучыню. Яны могуць быць шчасьлівыя ў кампаніі зь іншымі людзьмі, але яны таксама могуць быць шчасьлівымі і ў адзіноце.

12. Адкіньце думку, што сьвет вам нешта абавязаны. У прыватнасьці, у цяперашняй эканамічнай сытуацыі, кіраўнікі і супрацоўнікі на ўсіх узроўнях пачынаюць адчуваць, што сьвет ім абавязаны выплачваць заробак ды забясьпечыць сацыяльны пакет і камфортнае жыцьцё. Псыхічна моцныя людзі ўваходзяць у сьвет, спадзеючыся выключна на ўласную працу і свае заслугі на кожным этапе жыцьця.

13. Не чакайце неадкладных вынікаў. Незалежна ад таго, што робіце — накачваеце мышцы, спрабуеце скінуць лішнія кіляграмы ці пачынаеце свой бізнэс — будзьце псыхічна падрыхтаваныя, што посьпех прыходзіць не адразу.
Раскладвайце свае сілы і час, які прызначаеце дзеля дасягненьня агульнай мэты, «на порцыі», і сьвяткуйце кожны этап дасягненьня прамежкавай мэты на гэтым шляху.