Майдан у чаканьні штурму: «У мяне дзеці, я не баюся»

Кіяўляне сабраліся каля шэрагу «Беркута» і ўгаворваюць яго не штурмаваць Майдан.
«У мяне дзеці, я не баюся», — кажа мне адна з жанчын, калі я пытаюся, ці баіцца яна штурму.

Спэцатрад міліцыі «Беркут» пачаў шыхтаваць кардоны каля Майдану некалькі гадзінаў таму.

На скрыжаваньні вуліцы Хмяльніцкага з Храшчацікам цяпер стаяць некалькі аўтобусаў зь «Беркутам». Перад імі — шэраг байцоў з шчытамі.

Тут жа зьявіліся чуткі, што рыхтуецца штурм будынкаў, якія знаходзяцца ў распараджэньні пратэстоўцаў (гэта кіеўская мэрыя (КМДА) і Дом прафсаюзаў на Майдане), а таксама самога Майдана. З КМДА у пэўны момант нават папрасілі выйсьці ўсіх, хто ня мае дачыненьня да грамадзкай аховы.

Як толькі стала вядома, што «Беркут» блякуе Майдан, вакол байцоў, якіх ва Ўкраіне называюць «беркуцяты», сталі зьбірацца людзі. З будынку кіеўскай мэрыі, дзе цяпер знаходзіцца штаб нацыянальнага супраціву, выйшлі чальцы грамадзкай аховы. Яны сталі паміж людзьмі і байцамі «Беркута», каб не дапусьціць правакацый.

Сярод іх дакладна ёсьць сябры вэтэранскай арганізацыі «Ніхто, апроч нас». Кажуць, што людзей у іх хапае, каб супрацьстаяць штурму.

Такую ж тактыку «Ніхто, апроч нас» выкарыстоўвалі й падчас падзеяў на Банкавай 1 сьнежня, калі пасьля правакацый «Беркут» па-зьверску зьбіў пратэстоўцаў.

Пакуль што вакол «Беркута» натоўп журналістаў з розных СМІ. Яны спрабуюць задаваць ім пытаньні, аднак хлопцы не адказваюць і толькі апускаюць вочы. Журналістаў ахвотна прапускаюць наперад, кажуць: «Хай увесь сьвет бачыць, што тут робіцца».

Да «беркуцятаў» зьвяртаюцца і трое сьвятароў, якія спыняюцца амаль перад кожным байцом асабіста і даводзяць, што тыя ня могуць уздымаць руку на свой народ і выконваць «злачынныя» загады. «Падумайце пра Ўкраіну, падумайце пра сваю душу», — кажа сьвятар.

Your browser doesn’t support HTML5

Cьвятары зьвяртаюцца да атрада «Беркута», які перакрыў Хрэшчацік на подступах да Майдана


Амаль тое ж паўтарае «беркуцятам» і сталы кіяўлянін, які просіць іх «ня біць ягоных дзяцей» і «помніць пра тое, што і яны — ўкраінцы».

Хлопец з жоўта-блакітнай стужкай на куртцы зьвяртаецца да свайго аднагодкі зь «Беркута»: «Што ж ты стаіш тут? Біць мяне будзеш?»

Вакол сабраўся немалы натоўп, які скандуе «Міліцыя з народам», «Слава Ўкраіне», «Банду — гэць» «Паб’яце сёньня — прыйдзем заўтра». Некаторыя, карыстаючыся момантам, фатаграфуюцца на фоне людзей у касках і з шчытамі.

Магчыма, у плянах праваахоўных органаў было напалохаць людзей «Беркутам» ці прыціснуць іх псыхалягічна. Але выглядае, што прынамсі псыхалягічнаму ціску ўкраінскія пратэстоўцы здольныя даць адпор.

«Я не хачу верыць у тое, што нешта адбудзецца, — кажа мне жанчына, якая стаіць насупраць „беркуцят“. — Але я штурму не баюся. У мяне дзеці, таму мне ня страшна».

У першым шэрагу стаяць зусім маладыя салдаты. Ад ушчуваньняў яны сапраўды саромеюцца і апускаюць вочы. Але за імі — верагодна, начальнікі. Яны і старэйшыя, і твары ў іх зусім непранікальныя.

Адмысловасьць працы ўкраінскіх спэцслужбаў — іх твары відаць, і да іх сапраўды можна падысьці. Наказы там аддаюцца па-расейску.

Кіяўлянін кажа: «Гэта мае аднапалчане, я там служыў, калі быў малады, у палку міліцыі на Ваздухафлоцкім праспэкце. Але гэта было 35 гадоў таму. Яны — салдаты, яны нічога не вырашаюць, паднявольныя людзі».

«Не баяцца толькі дурні, — гаворыць ён, калі пытаюся, ці не баіцца штурму. — Але, думаю, і яны пабаяцца штурмаваць. Уся Эўропа тут, тэлебачаньне, СМІ — пабаяцца».

Ён верыць і ў тое, што ў міліцыі ёсьць мужныя людзі, якія могуць не пагадзіцца выконваць загад пра штурм.

Дзьве дзяўчыны кажуць, што ім страшна.

«Я думаю, што без кардынальных дзеяньняў не абыдзецца, — кажа адна зь іх. — Зараз яны проста палохаюць, але штурм будзе. Я цяпер на Майдан не пайду».

«Калі яны пачнуць нейкія дзеяньні, дык пойдзем, — кажа другая. — Калі цяпер цярпець, дык далей ужо ня будзе чаго рабіць».

Мужчына гадоў трыццаці спадзяецца, што штурму ня будзе, але «ўсё кажа пра тое, што будзе. Хаця міліцыі пакуль няшмат, і, можа, паспрабуюць проста выцесьніць людзей з будынку. Ну і што ім гэта дасьць? Людзі будуць пад будынкам стаяць. І нават калі будзе штурм — людзей прыйдзе яшчэ больш. Я ўпэўнены».

Па Майдане ходзіць інфармацыя, што першым будуць штурмаваць якраз будынак кіеўскай мэрыі. У ім знаходзіцца і штаб беларускага супраціву на Майдане. Цяпер там зь дзясятак людзей.

«Мы ведаем, што з розных бакоў Майдана стаяць унутраныя войскі. Але арганізатары нам сказалі, што цяпер усё працуе ў штатным рэжыме. Наш штаб працуе: мы проста каардынуем беларусаў, якія прыехалі падтрымаць людзей на Майдане», — паведаміў каардынатар беларускага штабу.


Уладзімір Някляеў: «Рух народа не перакрыць нікому!»


Уладзімер Някляеў (зьлева) на Майдане

«Учора Майдан маршам мільёнаў і магутным мітынгам на плошчы Незалежнасьці прадэманстраваў афіцыйнай украінскай уладзе сілу народа — сёньня ўлада вырашыла ў адказ прэдэманстраваць сваю. Выглядае на тое, што яна выбірае найгоршы сцэнар разьвіцця падзей: сілавы.

Сёння з 12:30 на Хрэшчаціку з боку Бесарабскай плошчы, перакрываючы шлях да Майдану, пачаў шыхтавацца «Беркут». На маё пытанне да афіцэра, які бег сустракаць новы аўтобус з байцамі: «Вы свой народ біць збіраецеся?.. За што?!.» — ён кінуў на бягу: «А не х... памятнікі зносіць!..»

Ну, па-першае, зносіў не народ: я быў учора на Бесарабскай плошчы і бачыў хлопцаў з павязкамі на тварах, якія трушчылі помнік. Па-другое, у любым выпадку гэта не прычына для таго, каб усчыняць на Майдане бойню кшталту той, якую ўсчынілі беларускія ўлады на Плошчы 2010 году ў Менску. Па-трэцяе, нельга не разумець, наколькі яно небясьпечна. Ня толькі для ўлады, для апазыцыі — для Ўкраіны.

Па загадзе ўлады перакрытыя цэнтральныя станцыі кіеўскага мэтро. Станцыі перакрыць можна, але перакрыць рух народа не ўдавалася яшчэ нідзе і нікому».