Удзельнікі Майдану зьнесьлі помнік Леніну

Партыя «Свабода» ўзяла адказнасьць за знос ў нядзелю помніка Уладзіміру Леніну ў Кіеве. Пра гэта заявіў журналістам дэпутат Ігар Мірашнічэнка, перадаюць «Украінскія навіны».

«Я быў у многіх гарадах Украіны. І ў кожным зь іх мяне прасілі забраць гэтага „дурня“ з Кіева», — сказаў ён.

На ўдакладняльнае пытаньне, ці датычная «Свабода» да разбурэньня помніка, Мірашнічэнка адказаў сьцьвярджальна.

У гутарцы з Радыё Свабода Ігар Мірашнічэнка наўпрост не пацьвердзіў дачыненьне «Свабоды» да зрынаньня помніка, але адначасова назваў вынік «сьветапогляднай пазыцыяй» яго палітычнай сілы.

«Прыйшлі патрыёты Украіны і зьнесьлі гэтага балвана, таму што ён ня мае права стаяць на нашай зямлі. Відавочна, там дэпутаты былі, усё можаце ўбачыць на відэа. Відавочна, што гэта сьветапоглядная палітыка, гэта сьветапоглядная наша пазыцыя. Каты ўкраінскага народу, людзі, якія адмаўлялі існаваньне ўкраінскай дзяржавы, яны ня маюць ніякага маральнага права стаяць на ўкраінскай тэрыторыі. І таму яны былі зьнішчаны ў Кіеве. Яшчэ раней яны былі зьнішчаны ў Заходняй Украіне. І я ўпэўнены, што з падзеньнем Леніна ў Кіеве ўпадзе рэжым Януковіча», — заявіў ён.

У нядзелю мітынгоўцы зьнесьлі помнік Леніну на бульвары Шаўчэнкі ў Кіеве. Прысутныя на месцы здарэньня паведамлялі, што сярод ініцыятараў зрынаньня былі і людзі са сьцягамі ВА «Свабода» .






Паводле ацэнак апазыцыі, больш за мільён украінцаў бяруць удзел у мітынгу на майдане Незалежнасьці ў Кіеве, паводле міліцыі — 50 тысячаў. Апазыцыя ачапіла дзяржаўныя будынкі і выставіла Януковічу ультыматум.

Жывая відэатрансьляцыя з розных камэраў



TWITTER-ТРАНСЬЛЯЦЫЯ