Чырвоны запарожац

Патрыётаў у Віцебску заўжды хапала — недахопу ў іх няма й цяпер. А вось, прыкладам, у васьмідзясятых гадах мінулага стагодзьдзя іх у горадзе было нават зашмат. У жніўні 1985 году ў рэдакцыю газэты «Віцебскі рабочы» прыйшоў ліст ад імя незарэгістраванага грамадзка-культурнага аб’яднаньня, мэтай якога, паводле аўтараў гэтага пасланьня, было змаганьне з камуністамі, міліцыяй і — нявернымі жонкамі. «Патрыёты Віцебску» — так быў падпісаны ліст, і нікому ў галаву не прыйшло паставіцца да яго як да нявіннага жарту. У кастрычніку, а потым і ў лістападзе ля віцебскай кальцавой былі знойдзеныя чарговыя жаночыя трупы, і ў роце ў кожнай ахвяры ляжала цыдулка: «За здраду — сьмерць. Барацьба зь лягавымі і камуністамі». Як ні стараўся патрыёт Віцебску зьмяніць почырк, і «лягавым», і камуністам, і нават беспартыйным графолягам было ясна: пісаў той самы чалавек.

9 сьнежня 1985-га ў адну зь вёсак пад Віцебскам, у госьці да сьціплага беларускага саўгасьніка Генадзя Міхасевіча завітаў на некалькіх машынах цэлы натоўп гасьцей. Але гаспадара дома не было. Давялося ехаць у суседняе сяло, куды, як высьветлілася, Міхасевіч выправіўся з афіцыйным сяброўскім візытам. Там яго і знайшлі: патрыёт Віцебску меў пры сабе ўпакаваныя чамаданы і авіябілет на рэйс у Адэсу. «Гэта памылка, я хутка вярнуся», — супакоіў жонку Міхасевіч, тварам увесь чырвоны, як ягоны «Запарожац». Сымбаль аднаго маленькага «патрыятызму» і адной маленькай «мужчынскай годнасьці», якую — вось сволачы — ніхто не хацеў прызнаваць вялікай.

«Усе бабы — дуры і прастытуткі» — так часам, калі вып’е ці калі не стаіць, вучыць народна-мужчынская савецкая мудрасьць, а Генадзь Міхасевіч быў мужчына відны, культурны, пры гэтым — чалавек з народу і дастаткова савецкі, каб вісець на дошцы гонару. «Усе бабы...» — і маленькае сэрца Міхасевіча радасна ўздрыгвала, калі чула гэтыя поўныя глыбокага сэнсу словы. На якія з часам знайшоўся адказ: «Зачэм я буду давіцца з-за бабы? Лучшэ сам какую-нібуць удаўлю».

Міхасевіч — наш, беларускі маньяк. А нашае на пустым месцы не вырастае. Магчыма, у забойцаў і няма нацыянальнасьці. Затое ў ахвяраў яна ёсьць заўжды.

Пазьней жонка ўспомніць: як аднойчы ўначы прачнулася ад таго, што на яе шыі спляліся нечыя мокрыя пальцы і пачалі ціснуць, ды так, што яна ўскочыла і закрычала. Муж ляжаў побач увесь успацелы, гарачы, разгублены... Адразу пачаў апраўдвацца: абы-што прысьнілася, бывае... Яна скажа яму падставіць галаву пад кран з халоднай вадой і класьціся спаць. Дапамагло, падумае яна, супакоена прыслухоўваючыся да яго храпу.

Успамінаць пачнуць і іншыя. Напрыклад, каляжанкі Міхасевіча: «Эх, дзяўчонкі, пакатаў бы я вас!» — любіў паўтараць ён, зьбіраючыся пасьля працы дахаты. Ня піў, не курыў, матам ня лаяўся, анэкдоты непрыстойныя цярпець ня мог, чырванеў увесь ад сораму... Зусім як тады, зьбіраючыся ў Адэсу. Маму, падказаў бы тут псыхааналітык.

Трыццаць восем ахвяраў, паводле іншых вэрсіяў: да пяцідзесяці дзьвюх. Чатырнаццаць асуджаных за забойствы, якіх яны не зьдзяйсьнялі. «Калі душыў, дык чэрпаў праз свае рукі ад жанчын сілу. Сам сабе быў лекар. Пасьля забойства рабілася лягчэй. Асабліва падабалася, калі ахвяра дрыжыць у руках...» Чырвоны запарожац рабіўся чорнай волгай, белым мэрсэдэсам, танкам, БелАзам, касьмічным караблём, пікам Камунізму, комінам ЦЭЦ, нябесным возам... На якім ён сядзеў і пачуваўся ўсеўладным саўгасным богам, якому дадзена права караць і мілаваць іншых. Лекарам, які вылечыў сябе сам. Для гэтага дастаткова ведаць толькі адну важную ісьціну. Усе ба... І тады ў пальцах задрыжыць яно — шчасьце.