Расейскія дыпляматы ў ЗША «грэюць рукі»

У Нью-Ёрку пракуратура выставіла абвінавачаньне 49-ці расейскім дыпляматам, а таксама членам іх сем'яў у злоўжываньні амэрыканскай праграмай мэдычнага страхаваньня маламаёмасных.
Абвінаваўчы акт быў складзены яшчэ ў лістападзе, але вядома пра яго стала толькі ў чацьвер. Гаворка ідзе пра дзяржаўную праграму страхаваньня Medicaid. Сем'і расейскіх дыпляматаў, як сьцьвярджае сьледзтва, паведамлялі няслушныя зьвесткі пра свае даходы, каб скарыстацца льготамі пры наведваньні лекараў. Тым самым, з 2004 году Medicaid былі нанесеныя страты на паўтара мільёна даляраў.

Ніякіх арыштаў у справе пакуль не праводзілася. Як паведаміла агенцтву Reuters крыніца, знаёмая з сытуацыяй, толькі невялікая частка з тых, каму выстаўленыя абвінавачаньні, па-ранейшаму жыве ў ЗША. Акрамя таго, дыпляматы карыстаюцца недатыкальнасьцю, і для таго, каб узяць іх пад варту, гэтая недатыкальнасьць павінна быць зьнятая ў Расеі.