У Мытным Саюзе ўжо і Нагорны Карабах

Візыт прэзыдэнта Армэніі Сержа Саргсяна ў Нагорны Карабах

Мытных пастоў паміж Армэніяй, якая ўступіла ў Мытны Саюз, і Нагорным Карабахам, вядома, ня будзе, а НКР увойдзе ў МС дэ-факта.
Пра гэта азэрбайджанскаму агенцтву «Вести.аз» заявіў расейскі экспэрт Віктар Ядуха, камэнтуючы заяву дэпутата парлямэнту Армэніі Гагіка Мінасяна пра тое, што з уступленьнем Армэніі ў Мытны Саюз НКР дэ-факта стане чальцом МС.

Расейскі экспэрт лічыць, што палітычных рашэньняў пра ўключэньне Карабаху ў Мытны Саюз ня будзе. «Казахстан разьлічвае ў будучыні на вялікі энэргатранзыт праз тэрыторыю Азэрбайджану, а Беларусь – на альтэрнатыўныя пастаўкі азэрбайджанскага паліва», – растлумачыў ён.

«Што ж тычыцца рэальнага, а не юрыдычнага боку пытаньня, дык можна лічыць, што так: Карабах дэ-факта ўвойдзе ў Мытны Саюз. Мытных пастоў паміж Армэніяй і Карабахам, вядома, ня будзе», – сказаў Ядуха, адзначыўшы, што ў маскоўскіх супэрмаркетах вольна можна набыць тутавую гарэлку«Арцах».

У сваю чаргу расейскі палітоляг, кіраўнік аналітычнага цэнтру «Alte et Certe» Андрэй Епіфанцаў адзначыў, што аб афіцыйным прызнаньні НКР часткай Мытнага Саюзу гаворкі не ідзе, бо ў гэтым выпадку давялося б альбо афіцыйна прызнаць яго часткай Армэніі, альбо ўключыць яго ў МС, як сувэрэнную дзяржаву. «У межах Мытнага Саюзу гэта немагчыма, таму што МС зьяўляецца ў першую чаргу эканамічным аб'яднаньнем, а не палітычным», – сказаў ён.

Разам з тым палітоляг адзначыў, што ў МС ня будзе асобных патрабаваньняў да Армэніі, якія тычацца выключэньня прадукцыі, вырабленай у НКР з агульнага армянскага тавараабароту з краінамі МС, альбо наадварот, дастаўкі тавараў з краін МС у НКР.

«У выніку сапраўды можа атрымацца, што Нагорны Карабах будзе залучаны ў супрацоўніцтва ў рамках МС без фармальнага прызнаньня гэтага і, хутчэй за ўсё, прадукцыя, вырабленая ў НКР, будзе прадавацца пад маркай «Зроблена ў Армэніі». Нагадаю, што патрабаваньне ўстанавіць мытныя межы паміж НКР і Армэніяй было галоўным да Армэніі з боку ЭЗ, з-за немагчымасьці выканаць якое Ерэван, у канчатковым выніку, прыняў рашэньне аб далучэньні да Мытнага Саюзу», – падкрэсьліў ён.