Замест Маскоўскага вакзалу — дыспэтчарскія пункты

ДС «Славінскага», неўзабаве па сумяшчальніцтве — прыгарадны аўтавакзал

Віктар Тозік паведаміў, што міжнародныя і міжгароднія маршруты будуць пераведзеныя на аўтавакзалы «Цэнтральны» і «Ўсходні», а прыгарадныя — на дыспэтчарскія станцыі на вуліцы Славінскага і Карастаянавай.
Улетку закрываецца Маскоўскі аўтавакзал. Даволі доўга абмяркоўвалася, куды будуць пераведзеныя маршрутныя аўтобусы з цэнтральнага праспэкту сталіцы.

Разглядалася нават магчымасьць пабудаваць новы аўтавакзал у раёне мэтро Уручча. І вось падчас прэсавай канфэрэнцыі на сайце БелТА намесьнік генэральнага дырэктара «Менсктрансу» Віктар Тозік паведаміў, што міжнародныя і міжгароднія маршруты будуць пераведзеныя на аўтавакзалы «Цэнтральны» і «Ўсходні», а прыгарадныя — на дыспэтчарскія станцыі на вуліцы Славінскага і Карастаянавай.

Як сустракае новы аўтавакзал на вуліцы Славінскага пасажыраў?

Пасажыраў, якія жывуць непадалёк ад сталіцы і кожны дзень прыгараднымі аўтобусамі дабіраюцца, да прыкладу, у Раўбічы, Сокал, Смалявічы, Лагойск, а таксама шматлікіх дачнікаў, пэнсіянэраў такая пэрспэктыва ня ўзрадавала: дабірацца да Карастаянавай і Славінскага нязручна:

Your browser doesn’t support HTML5

Як менчукі ставяцца да пераносу аўтавакзалу «Маскоўскі»



Намесьнік генэральнага дырэктара «Менсктрансу» Віктар Тозік запэўніў, што дыспэтчарскія станцыі пераабсталявалі і «наблізілі максымальна да тых патрабаваньняў, якія выстаўляюцца да прыгарадных станцыяў».

На дыспэтчарскай станцыі на вуліцы Славінскага, якая зараз зьяўляецца канцавым пунктам некалькіх гарадзкіх аўтобусаў і тралейбусаў, а таксама месцам адпачынку кіроўцаў, сапраўды зрабілі касмэтычны рамонт. Частку невялікай пабудовы сапраўды адвялі пад прыгарадны вакзал, пацясьніўшы саму дыспэтчарскую станцыю.

«Памяшканьне ёсьць. Такую колькасьць машынаў, якую прымае Маскоўскі аўтавакзал, мы, канечне, ня зьмесьцім — будзем прымаць пэўную колькасьць. Якую канкрэтна — нам пакуль невядома, гэтай інфармацыі нам пакуль не паступіла. Але рамонт зроблены; пакой адпачынку для кіроўцаў, заля чаканьня для пасажыраў, касы — усё будзе. Будзе прыбіральня, будзе дзе рукі памыць, і буфэт будзе. Учора ўжо завезьлі стэнды, для пасажыраў усе выгоды будуць», — запэўніла дыспэтчарка павільёну на Славінскага.

Вось толькі паглядзець на залю чаканьня і ўсе астатнія неабходныя выгоды, уключна з прыбіральнямі, не ўдалося. Усё зачынена. Праз вокны было відаць, што ў зусім невялічкім памяшканьні, якое будзе заляй чаканьня, пакуль няма нічога, акрамя «Схемы руху прыгарадных аўтобусаў» — у кірунку Радашковічаў, Лагойску, Жодзіна. Каля будынку дыспэтчарскай няма ніводнай лаўкі.


Пакуль аўтавакзал «Маскоўскі» працуе ў звычайным рэжыме. Праз пэўны час на яго месцы ААТ «Белтрансгаз» пабудуе шматфункцыянальны комплекс, указ пра будаўніцтва якога 4 красавіка падпісаў кіраўнік дзяржавы.

Тым часам менчукі працягваюць збор подпісаў за захаваньне аўтавакзалу, які ў 2002 годзе быў прызнаны найлепшым архітэктурным здабыткам году, а творчы калектыў праекціроўшчыкаў і архітэктараў уганараваны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі. Кіраўнік ініцыятыўнай групы па абароне аўтавакзалу «Маскоўскі» Віктар Талмачоў апавёў, што сабрана 4,5 тысячы подпісаў на паперы і больш за 6 тысяч электронных подпісаў супраць зносу аўтавакзалу.

4 сьнежня Віктар Талмачоў спрабаваў трапіць на прыём да намесьніка прэм’ер-міністра Анатоля Калініна, але безвынікова.

На «Маскоўскім» аўтавакзале