Франак Вячорка прывёз прэзыдэнту Польшчы «Справу Бяляцкага»

Вокладка кнігі

Сёньня ў Варшаўскім палацы Красіньскіх адбылося ўрачыстае ўручэньне прэміі газэты Rzeczpospolita імя Ежы Гедройца, ляўрэатам якой сёлета стаў кіраўнік праграмы Кастуся Каліноўскага Ян Маліцкі.
Арганізатары цырымоніі запрасілі журналіста Свабоды Францішка Вячорку на сцэну. Ён прывітаў ляўрэата, а таксама ўрачыста прэзэнтаваў прысутнаму прэзыдэнту Польшчы Браніславу Камароўскаму кнігу Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды».

«Я думаю, кніга «Справа Бяляцкага» – ня толькі цікавае і карыснае чытво, але гэта выдатная ілюстрацыя таго, што адбываецца ў Беларусі. Зрэшты, кіраўніцтва Польшчы таксама мела пэўнае дачыненьне да падзеяў, апісаных у кнізе, – распавядае Франак Вячорка. – Браніслаў Камароўскі падзякаваў за кнігу, а пасьля цырымоніі падышоў да мяне, і прасіў перадаць словы падтрымкі беларускім журналістам, актывістам і сваякам Бяляцкага».

Франак Вячорка таксама падараваў кнігу «Справа Бяляцкага» галоўнаму рэдактару «Газэты Выборчай» Адаму Міхніку, які паабяцаў апублікаваць рэцэнзію.

Прэмія імя Ежы Гедройца (ня блытаць зь беларускай літаратурнай прэміяй Ежы Гедройца), народжанага ў Менску легендарнага рэдактара парыскага часопісу «Культура», прызначаецца за заслугі перад нацыянальнымі інтарэсамі Польшчы, асабліва за падтрыманьне добрых кантактаў з народамі Ўсходняй Эўропы.

Браніслаў Камароўскі і Францішак Вячорка