Сяргей Дубавец пра пяць мітаў вакол Кафкі

Франц Кафка

Знакаміты пісьменьнік Франц Кафка (1883-1924) быў габрэйскага паходжаньня (і нават цікавіўся перасяленьнем у Палестыну), пісаў свае творы па-нямецку, аднак нарадзіўся, усё жыцьцё пражыў і пахаваны ў чэскай Празе.
(Забаўна вызначаць, чый ён пісьменьнік. Калі меркаваць паводле ягонай уключанасьці ў турыстычны бізнэс, найбольш ён належыць чэхам. Калі сыходзіць з мовы, гэта — нямецкая літаратура. Што мяркуюць на гэты конт габрэі, я, на жаль, ня ведаю) .

Кафка памёр ад сухотаў і ў запавеце прасіў сябра Макса Брода спаліць ягоныя рукапісы.

Міт 1. Калі б Брод выканаў запавет, пісьменьніка Кафкі папросту не існавала б.

Але гэта няпраўда. Кафка і пры жыцьці друкаваў свае творы ў прэсе і асобнымі кнігамі, меў прыхільнікаў і быў вядомы ў праскіх літаратурных колах. Брод мусіў спаліць недапісаны раман «Замак». Але ён яго апублікаваў.

Дзеля хваробы і раньняе сьмерці Кафку прынята любіць і шкадаваць, таму:

Міт 2. Кафка быў бедны.

Паходзіў зь сям’і багатага камэрсанта, вучыўся ў прэстыжных школах, жыў усё жыцьцё ў самым цэнтры старой Прагі. Дазваляў сабе здымаць кватэру на Златай вулічцы — як рабочы кабінэт пісьменьніка (дзеля цішыні і спакою). Езьдзіў па Эўропе, у тым ліку ў санаторыі. Урэшце працаваў на добрааплатнай працы.

Міт 3. Кафка ня ведаў шчасьця каханьня.

Шчасьця ўласнай сям’і сапраўды ня ведаў. Але выключна з-за свайго характару. Іншы раз заручаўся, пасьля перадумваў, ізноў перадумваў і гэтак далей. Словам, на працягу жыцьця меў некалькіх заручоных.

Міт 4. Кафка — хворы.

Да апошніх пары гадоў хворым ён не пачуваўся дакладна. Улетку быў заўсёднікам гарадзкіх пляжаў, а круглы год ягоную высокую постаць можна было сустрэць на шпацырах. Шпацыры па горадзе ня мусілі быць карацейшымі за дзьве гадзіны.

Міт 5. Зусім жаласны. Калі б не літаратура, сьвет ніколі не даведаўся б пра Кафку.

Гэта таксама няпраўда. Працуючы ў страхавой кампаніі, Кафка бясконца вёў справы пра траўматызм работнікаў. І таленавітаму страхоўшчыку прайшла ў галаву ідэя жорсткай каскі для работнікаў (такія й цяпер носяць на будоўлях). Ідэю ўкаранілі ў жыцьцё, сьмяротнасьць адразу зьнізілася і ў 1912 годзе Кафка як вынаходнік быў уганараваны залатым мэдалём.

Але, ясная рэч, што перадусім Кафку памятаюць як пісьменьніка, як аднаго з самых праўдзівых празаікаў у сусьветнай літаратуры. Памятаюць і нясуць на яго магілу ў Празе каменьчыкі (гэта габрэйская традыцыя, каменьчыкі замест кветак).