Што думаюць беларускія палітыкі і палітолягі пра падзеі ў Кіеве, якія адрозьненьні і падабенствы зь Беларусьсю, што гэта значыць для Ўкраіны, Беларусі і цэлага рэгіёну.
Чаму ў Кіеве ўсё адбываецца не так як у Менску ў 2010-м? Палітоляг Дзяніс Мельянцоў перакананы, што сытуацыю ва Ўкраіне цяжка параўнаць зь беларускай, калі адбыўся разгон Плошчы ў Менску пасьля выбараў 2010 году.
Таму так адбылося, што брутальны разгон Майдану выклікаў адваротную рэакцыю — кансалідацыю і мабілізацыю ўкраінцаў», — зазначыў Свабодзе палітоляг Дзяніс Мельянцоў.
Кароль: Украінцаў скарыць не ўдалося
Менскі палітоляг Аляксей Кароль тлумачыць, чаму ўкраінскім уладам, якія разагналі ўчора Майдан, не ўдалося скарыць усіх грамадзян, чаму пратэставаць і патрабаваць зьмены ўлады выйшлі сотні тысяч чалавек.
«Ще не вмерла демократична Україна! Я лічу, што паўмільёна ўкраінцаў выйшлі на вуліцу таму, што ва Ўкраіне дэмакратычныя перамены ўвайшлі глыбей і захапілі больш прасторы. Таму назіраем такую актыўнасьць, якая не чакалася і не прагназавалася.
Таксама важна тое, што ва Ўкраіне ёсьць арганізаваная апазыцыя ня толькі па-за сыстэмай, як у Беларусі, а таксама як у цэнтральных, так і ў мясцовых органах улады.
І яшчэ агульнавядомы факт падзелу Ўкраіны на усходнюю з прарасейскай арыентацыяй і заходнюю з эўрапейскай арыентацыяй. Менавіта заходняя частка краіны — засталася нескаронаю.
Вось і адбылася непрадказальная актывізацыя, якая не дазволіла ўкраінскім ўладам задушыць пратэст такім чынам, які гэта было зроблена ў Менску ў 2010 годзе»,— пракамэнтаваў Свабодзе апошнія падзеі ў Кіеве палітоляг і гісторык Аляксей Кароль.
Вячорка: Майдан пасароміў палітыкаў, што заклікалі супрацоўнічаць з дыктатарамі
«Ані Януковіч і ягоная група, ані аб’яднаная Эўропа не ўлічылі галоўнага фактару — украінскага народу. Усходняе Партнэрства, само па сабе выдатная і нават крыху запозьненая ініцыятыва, на практыцы аказалася скіраванае на дзяржаўныя ўлады постсавецкіх краінаў. А не на грамадзтва, не на народ. Патрэбныя карэктывы.
Галоўнае — украінцы адчулі, што іх зацягваюць назад у саўковую мінуўшчыну і ў расейскае нэаімпэрскае поле.
Ня мае сэнсу дыскутаваць, ці сапраўды кожны з удзельнікаў ЭўраМайдану ўсьведамляе канкрэтныя цяжкасьці пераходу да эўрапейскага працавітага жыцьця, заходніх эканамічных і праўных стандартаў. Галоўнае — украінцы адчулі, што іх зацягваюць назад у саўковую мінуўшчыну і ў расейскае нэаімпэрскае поле.
Кажуць: замала паабяцалі заплаціць Януковічу, Пуцін прапанаваў больш. Але такое мысьленьне хібнае. „Торг тут недарэчы“. Без дэмакратыі любыя фінансавыя рэсурсы раскрадаюцца клікай ды ідуць на сілавы апарат.
Немагчыма ўцягнуць у эўрапейскую цывілізацыйную прастору заведама неэўрапейскіх валадароў накшталт Лукашэнкі ці (хай сабе і хітрэйшага за яго) Януковіча. Затое гэтыя валадары выдатна сумяшчальныя зь іншаю — постсавецкаю імпэрскаю прастораю на ўсходзе. Каб не атрымалася, што Эўропа аплочвае Януковічу лепшыя ўмовы або даўжэйшы тэрмін зацягваньня ў расейскую арбіту. Гэта і пра Лукашэнку. Майдан пасароміў усіх тых палітыкаў-аналітыкаў, што заклікалі мякка слаць перад постсавецкімі дыктатарамі. Геапалітычных праблемаў ня вырашыш, адмовіўшыся ад каштоўнасьцяў. Толькі свабодны народ — гарант незалежнасьці».
Лябедзька: Падзеі ў Кіеве — добры знак для Беларусі
Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Беларусі Анатоль Лябедзька шчыра радуецца сёньняшнім падзеям у Кіеве.
Тое, што творыцца цяпер у Кіеве, а таксама на Эўрамайданах у іншых украінскіх гарадах, паказвае нам, што шанец ёсьць заўжды. Для нас, беларусаў, гэта важна найперш.
У тым, што людзі не спалохаліся брутальных разгонаў і выйшлі на вуліцу ў яшчэ большай колькасьці, ёсьць моцны фактар асабістай матывацыі.
У тым, што людзі не спалохаліся брутальных разгонаў і выйшлі на вуліцу ў яшчэ большай колькасьці, ёсьць моцны фактар асабістай матывацыі. Раней Эўрамайдан стаяў за агульную ідэю — за эўраінтэграцыю. Цяпер — гэта ўжо не акцыя за агульную ідэю, цяпер людзі ведаюць, што кожны асабіста можа атрымаць па галаве дубінкай.
Я вельмі моцна ўсьцешаны навінам з Украіны і перакананы, што гэта вельмі пазытыўны знак для дэмакратычнай Беларусі»,— заявіў Свабодзе Анатоль Лябедзька.
Янукевіч: У Кіеве вырашаецца лёс нашага рэгіёна
Лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч заявіў Свабодзе, што ён пільна сочыць за падзеямі ва Ўкраіне.
«У мяне шмат сяброў у Ківе, таму атрымліваю ад іх інфармацыю зь першых рук.
Я вельмі рады за нашых братоў-украінцаў, што яны здолелі аб’яднацца і мабілізавацца для абароны сваёй свабоды і эўрапейскага выбару Ўкраіны. Тыя, хто прымаў рашэньне пра брутальны разгон Майдану, вельмі моцна пралічыліся. Я перакананы, што прадугледжваўся беларускі сцэнар узору 2010 году. Разьлік рабіўся на тое, што расчараваньне пасьля безвыніковага для Ўкраіны віленскага саміту Ўсходняга партнэрства паралізуе людзей, а рэзкая рэакцыя Захаду на разгон адштурхне Ўкраіну ў бок Масквы і дазволіць абгрунтаваць эўразійскую інтэграцыю ізаляцыяй з боку Эўропы.
Сёньня ў Кіеве вырашаецца ня толькі лёс самой Украіны, але і лёс усёй Усходняй Эўропы
Аднак украінскі народ вырашыў па-іншаму і сёньня на парадку дня стаіць адстаўка ўкраінскага прэзыдэнта і ўраду.
Сёньня ў Кіеве вырашаецца ня толькі лёс самой Украіны, але і лёс усёй Усходняй Эўропы».