На «Полі цудаў» ня вераць, што ім дазволяць зноў гандляваць

Апошнія дні «Поля цудаў»

Апошнія дні ў звыклым фармаце на рынку «Ждановічы» дажывае так званае «Поле цудаў».
Прынамсі на гэта сьведчаць аб’явы, якія ў сярэдзіне тыдня зьявіліся на агароджах і кантэйнэрах. Гандлярам рарытэтамі прадпісана да 2 сьнежня згарнуць сваю дзейнасьць ці пашукаць вакантныя месцы на стацыянарных развалах.

Праўда, шум, узьняты ў СМІ, вымусіў адміністрацыю гандлёвага дому «Ждановічы» адмовіцца ад першапачатковых плянаў абсталяваць на вызваленай тэрыторыю чарговую стаянку. У пазьнейшых тлумачэньнях было сказана, што «блышыны рынак» зачыняецца часова — маўляў, пасьля ўпарадкаваньня людзі зноў вернуцца на свае месцы.

Аднак самі гандляры ня вераць, што іх тут нехта чакае. Па словах суразмоўцаў, калі адпачатку было агучанае жаданьне зьліквідаваць хаатычны гандаль, то так яно ўрэшце і будзе:

«Журналісты пэўна ж павінны ведаць, што такія рынкі існуюць практычна ўва ўсіх краінах сьвету. А адносна таго, што агучваюць адны ідэі, а потым пачынаюць нібыта здаваць назад — дык гэта ж абсалютна ў нашым стылі! У нас што, бываюць іншыя рашэньні? У нас, па-мойму, усё непрадумана: адразу прымаюць нейкае рашэньне, а толькі потым думаюць, ці не перагнулі палку. У дадзеным выпадку, здаецца, усё ж перастараліся. Цяпер яны спрабуюць казаць, што гэта такая „шуткаюмора“ была. Але ж вось аб’явы — на кантэйнэры, на ўезьдзе, на выезьдзе — усюды вісяць».

Людзі абураюцца, што ніхто зь імі нават не паразмаўляў — проста канстатавалі факт згортваньня дзейнасьці:
Каб былі нармальныя прыбыткі, няўжо нават у будні дні тут стаялі б па 300 чалавек? Нават дакладна не падлічыш, бо бітком. Ад добрага жыцьця, ці што?

«Ні добры дзень, ні да пабачэньня, канстатавалі факт — і ўсё. Маўляў, вы ўжо самі вырашайце, як на гэта рэагаваць. Але справа ў тым, што бальшыня народу, які тут гандлюе, альбо ня мае прыбытку зусім, альбо хоча нешта дадаць да сваіх жабрацкіх заробкаў. Хто зараз куды за 2-3 мільёны рублёў працаваць пойдзе? Вось вам і карціна „стабільнасьці“. Каб былі нармальныя прыбыткі, няўжо нават у будні дні тут стаялі б па 300 чалавек? Нават дакладна не падлічыш, бо бітком. Ад добрага жыцьця, ці што? У выходны паўтысячы чалавек гандлюе — гэта дакладна. Прычым, самыя розныя — бабулі, дзядулі. Усім жа жыць хочацца! А цяпер як зарабляць?»

На думку тых, хто падпадае пад «скарачэньне», сапраўднай прычынай зьяўляецца змаганьне за зямлю — непасрэдна да «блышынага рынку» наблізілася маштабная будоўля. Калі рашэньне набудзе моц, у адзін момант бяз працы застануца сотні чалавек.