Фанаты «Ляпіса Трубяцкога» паралізавалі беларуска-літоўскую мяжу

Фота пешаходнай чаргі на ўезьдзе ў Літву. Фота Дзьмітрыя Безкаравайнага, фэйсбук

Больш за 400 легкавікоў чакаюць у чаргах на выезд зь Беларусі ў Літву. Паводле афіцыйнага сайту Дзяржаўнага памежнага камітэту, 200 аўто стаіць у пункце пропуску «Каменны лог», 140 — у «Катлоўцы» і 120 у «Беняконях».

Сярод ахвотных трапіць у Літву вялікая колькасьць людзей з квіткамі на канцэрт гурту «Ляпіс Трубяцкі», які адбудзецца 30 лістапада ўвечары ў Вільні. У чарзе стаяць таксама аўтобус зь «ляпісамі», а таксама гурт Drum Ecstasy, які выступіць у іх на разагрэве.

Акрамя чаргі з аўтамабіляў, утварыўся затор і на пераходзе мяжы для пешаходаў. Здымак зьмясьціў у сваім фэйсбуку прэс-аташэ гурту «Ляпіс Трубяцкі» ў Беларусі Дзьмітры Безкаравайны.

Паводле Безкаравайнага, нават літоўскі памежнік фатаграфаваў пешаходную чаргу: «Здаецца, ён таксама такога ніколі ня бачыў».


Па-першае, набліжаецца сэзон калядных распродажаў. Па-другое, на выходных заўсёды павялічваецца колькасьць людзей, якія выязджаюць зь Беларусі. Па-трэцяе, канцэрт „Ляпісаў“. І апошняе — гэта Саміт Усходняга партнэрства, якія адбываецца ў Вільні.
Аляксандар Цішчанка

Прэс-сакратар Дзяржаўнага памежнага камітэту Аляксандар Цішчанка паведаміў Радыё Свабода, што ў чэргах на мяжы вінаватыя ў першую чаргу арганізатары канцэрту, якія не зьвярнуліся да літоўскіх памежнікаў, каб тыя ўзмацнілі прапускную здольнасьць памежных пунктаў. Разам з тым, паводле Аляксандра Цішчанкі, якраз сёньня спалучыліся ажно чатыры фактары, якія і сталі прычынай вялізных чэргаў:

«Па-першае, набліжаецца сэзон калядных распродажаў. Па-другое, на выходных заўсёды павялічваецца колькасьць людзей, якія выязджаюць зь Беларусі. Па-трэцяе, канцэрт „Ляпісаў“. І апошняе — гэта Саміт Усходняга партнэрства, якія адбываецца ў Вільні. Куды людзі едуць дакладна, я сказаць не магу, таму што беларускі бок наяўнасьць квіткоў на канцэрт не правярае. Магчыма, гэта ведаюць літоўскія памежнікі, таму што квіток менавіта на гэты канцэрт нейкім чынам увязваўся зь візаю.

Калі адштурхоўвацца ад таго, што шмат людзей едуць на „Ляпісаў“, то той, хто арганізоўваў канцэрт, мусіў парупіцца пра тое, каб былі вырашаныя пытаньні з чэргамі. Арганізатары мусілі зьвярнуцца да літоўкіх памежнікаў, таму што пытаньне чаргі — гэта збольшага пытаньне прымаючага боку. Мы правяраем толькі пашпарт, а літоўцы — пашпарт, а таксама візу і, магчыма, квіткі на канцэрт. Мы ж ня можам выпускаць людзей больш, чым літоўцы могуць прымаць на сваёй мяжы».




Аляксандар Цішчанка таксама лічыць, што праз тое, што ў Вільні праходзіць Саміт Усходняга партнэрства, кантроль на мяжы з боку літоўскіх памежнікаў адбываецца ва ўзмоцненым парадку. Гэта робіцца для бясьпекі ўдзельнікаў Саміту.

«Калі б арганізатары канцэрту зьвярнуліся да літоўскіх памежнікаў, тыя б у сваю чаргу зьвярнуліся б да нас. Але да нас ніхто не зьвяртаўся. Ні літоўскія памежнікі, ні арганізатары канцэрту. Я б параіў арганізатарам такіх канцэртаў ня толькі візавую падтрымку аказваць, але і рупіцца пра такія моманты, як чэргі на мяжы. Таму што ў тэрміновым парадку перакінуць сілы з аднаго пункт на іншы мы зараз ня можам. Нават калі б такое было зроблена, гэта ня значыць, што тое самае зробяць літоўскія памежнікі».