«Не гуляй з дыктатарам»

У Варшаве ў часе канфэрэнцыі «Не гуляй з дыктатарам» польскія, расейскія і беларускія палітыкі заклікалі да байкоту бліжэйшых алімпійскіх гульняў у Расеі ды Чэмпіянату сьвету па хакеі ў Менску.
Паводле арганізатара канфэрэнцыі, дэпутата Эўрапарлямэнту ад Польшчы Марэка Мігальскага, чэмпіянат сьвету па хакеі ў Менску, аднак адбудзецца, бо пераканаць спартовыя арганізацыі ды ўрады да байкоту імпрэзы не атрымалася, але гэта не азначае, што факт яе правядзеньня нельга выкарыстаць у слушнай справе.

«Варта выкарыстаць час чэмпіянату на тое, каб нагадаць тысячам заўзятараў, што прыедуць у Беларусь, пра справы, аб якіх сам Лукашэнка гаварыць ня хоча. Гэта праблемы дэмакратыі, правоў чалавека, дапамогі грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі».

Расейскі апазыцыянэр Барыс Нямцоў у сваю чаргу заявіў нашаму радыё, што выступае супраць спартовага байкоту алімпіяды ў Сочы, але заклікае эўрапейскіх палітыкаў, каб тыя перад прыездам у Расею запатрабавалі ад Пуціна вызваліць палітвязьняў, гэтаксама як і ад Лукашэнкі, калі нехта зь іх зьбіраецца наведаць Менск з нагоды хакейнага чэмпіянату.

«Я лічу, што для Пуціна надта істотна, каб побач зь ім у Сочы сядзелі ня толькі Лукашэнка ці Карымаў, але эўрапейскія палітыкі — Мэркель, Камароўскі ці Камэран. І калі лідэры Эўразьвязу скажуць, што мы гатовыя прыехаць толькі тады, калі будуць вызваленыя палітвязьні, якіх у Расеі цяпер ужо 70, калі Эўропа гэтага цьвёрда запатрабуе,тады ёсьць шанец, што палітвязьняў вызваляць. Прынамсі нейкая тады карысьць будзе ад гэтай алімпіяды».

Між тым прадстаўнік «Эўрапейскай Беларусі» Зьміцер Бандарэнка ў часе канфэрэнцыі сказаў, што ня надта верыць у посьпех спартовага байкоту чэмпіянату сьвету па хакеі, аднак заклікаў спартоўцаў адмовіцца да паездкі ў Менск.


«Я заклікаю спартоўцаў — не бярыце ўдзел у чэмпіянаце, будзьце сумленнымі людзьмі. Заўзятараў таксама заклікаю, каб ня ехалі і не падтрымлівалі рэжым фінансава.

А палітыкам кажу — падумайце, што вы робіце!»