Пятрас Аўштравічус: «Беларусь закрыла сябе»

Праспэкт Гедыміна ўпрыгожаны сьцягамі краін-сябраў Эўразьвязу і Ўсходняга партнэрства

Пра гэта заявіў віцэ-сьпікер Сойма Літвы Пятрас Аўштравічус, адкрываючы ў Вільні кірмаш «ВўROOM» у гатэлі «Novotel».

Грамадзкія аб’яднаньні, палітычныя партыі зь Беларусі цягам дня будуць прадстаўляць тут свае праекты.



Фотавыстава Беларусь прэс-фота



Экспазыцыя ўдзельнікаў кірмашу



Пятрас Аўштравічус заявіў, што аднаго пакоя для беларускіх праектаў замала:

«Мы ня можам тут бачыць афіцыйных прадстаўнікоў Беларусі. На жаль, Беларусь адстала ва „Ўсходнім партнэрстве“, Беларусь закрыла сябе. Але мы спадзяемся, што гэта выправіцца, і мы зробім усё, каб гэта здарылася хутчэй.

Сёньня ў парлямэнце Літвы мы праводзім канфэрэнцыю на ўзроўні камітэтаў міжнародных справаў парлямэнтаў краінаў „Усходняга партнэрства“, але месцы, дзе павінны сядзець прадстаўнікі беларускага парлямэнта, занятыя апазыцыянэрамі. Яны — самыя лепшыя на сёньняшні дзень прадстаўнікі Беларусі. І мы спадзяемся, што прыйдзе час, калі мы будзем гаварыць са сваімі калегамі, дэмакратычна абранымі на тых падставах, на якіх абіраюцца ўсе прадстаўнікі парлямэнтаў Эўропы.

Вільня мае сымбалічнае значэньне і для Літвы, і для Беларусі. Ня так даўно яна была сталіцай ВКЛ; гэта было месца, дзе ў той час зьбіраліся эўрапейцы. І мы спадзяемся, што гэта будзе месцам сустрэч для тых, хто прыяжджае зь Беларусі, для літоўцаў, якія жывуць тут, для іншых нацыянальнасьцяў. І зможам разьбіць гэтую сьцяну, якая збудаваная паміж Літвой і Беларусьсю не па нашай віне».

Your browser doesn’t support HTML5

Віцэ-сьпікер Сойма Літвы Пятрас Аўштравічус адкрыў у Вільні кірмаш «ВўROOM» у гатэлі «Novotel»



Сёньня ў Вільні пачаліся мерапрыемствы з нагоды саміту «Ўсходняга партнэрства». Першы дзень прысьвечаны грамадзкім ініцыятывам.

Першая сустрэча прэзыдэнтаў адбудзецца ўвечары ў нядаўна адноўленым Палацы вялікіх князёў літоўскіх: у гістарычных сьценах яны зьбяруцца на нефармальную вячэру.

А тым часам у Вільні пройдзе Форум грамадзянскага партнэрства Эўразьвязу і іншыя імпрэзы.