Бой, ды ня той

Пачаць, напэўна, трэба неяк так. Калі вы пагарджаеце «Плэйбоем» і любіце Набокава (які тонкі густ, ах ты госпадзе), значыць, вы не чыталі ні першага, ні другога.

У 1963-м Набокаў, на той час ужо клясык сусьветнай літаратуры і аўтар «Лаліты», даў вялікае інтэрвію Олвіну Тофлеру, якое было надрукаванае ў студзеньскім нумары часопіса за 1964 год. Размова атрымалася харошая і заняла сваё месца ў набокаўскай спадчыне — і ня самае, дарэчы, апошняе. Журналіст пытаўся пісьменьніка пра сур’ёзныя рэчы, мэтр быў у гуморы, але забываць пра тое, дзе выйдзе гутарка, таксама было нельга. «Шмат хто лічыць, што вас натхняюць сэксуальныя звычаі амэрыканцаў?» — закінуў вуду Тофлер. Але беспасьпяхова. Набокаў адразу зрабіўся непранікальны:

«Сэкс як інстытут, сэкс як агульны панятак, сэкс як праблема, сэкс як агульнае месца — усё гэта падаецца мне занадта нудным, каб марнаваць на яго час. Давайце прапусьцім сэкс».

І яны спакойна яго прапусьцілі. Што, улічваючы тое, якога накірунку часопіс меўся надрукаваць інтэрвію, падаецца амаль неверагодным. Але гэта на погляд савецкага чалавека, які Набокава ня ведаў, не чытаў і нават не асуджаў пры гэтым. А вось «Плэйбой» быў савецкаму чалавеку крышачку знаёмы... Ён прыяжджаў у СССР на караблях, ледзьве ня ў скрынях з апэльсінамі, як чабурашка. Які, дарма што нелегальны імігрант, таксама быў той яшчэ плэйбой.

1 сьнежня 1953 году ў чыкагскіх кіёсках зьявіўся першы нумар скандальнага выданьня. Яшчэ ў лістападзе заснавальнік быў упэўнены, што выданьне другога нумару давядзецца адкласьці гадоў так на пяцьдзясят — бо каму ён патрэбны, сумнеўны часопіс без рэпутацыі. Сапраўды, каму ў пяцідзясятых быў патрэбны часопіс з аголенай Мэрылін Манро? Аднак семдзесят тысяч асобнікаў з адпаведным фота разышліся за два тыдні, прычым пяцьдзясят зь лішкам тысяч — ужо за першыя сем дзён.

«...Нам падабаецца нашае жытло. Нам падабаецца зьмешваць ў ім кактэйлі. Нам падабаецца гатаваць выкшталцоную ежу. Нам падабаецца элегантна апранацца. Нам падабаецца запрашаць да сябе жанчын. Нам падабаецца музыка пад настрой. Нам падабаецца гаварыць з жанчынамі пра Пікасо, Ніцшэ, джаз, сэкс...» — паўтараў, як мантру, Х’ю Гэфнэр. Пагодзімся, гучыць проста мярзотна. І ў той самы час стратэгічна правільна. Стыль, асоба, свабода... ну, і «сіські-масіські», якія так любіў Брэжнеў. Калі Набокаў даваў сваё інтэрвію «Плэйбою», засьвяціцца ў ім было ня менш прэстыжна, чым у «Нью-Ёрк Таймс» — прычым для любога, уключна зь левымі інтэлектуаламі і бунтаўнікамі. А наклад выданьня сягнуў за мільён.

«У восьмай клясе я ўпершыню пабачыў заходні часопіс, — піша Вінцэсь Мудроў, які нарадзіўся за некалькі месяцаў да выхаду часопісу ў сьвет. — І не абы-які, а „Плэйбой“! Хлопец з паралельнай клясы даў яго пагартаць проста на вуліцы. Утрапеньне, якое я тады зазнаў, ня выпетрылася з душы й дасёньня». І беларускі пісьменьнік не адзін такі. Проста ў тым, што ты не самотны, а кнігу маеш (ці часопіс, неістотна), на вокладцы якой стаіць назва «Плэйбой», прызнавацца ў тыя часы было не прынята. Калі ты не амэрыканец і ня аўтар «Лаліты», ясная рэч.