МЗС пацьвердзіў гібель беларуса ў Емэне

Андрэй Савіных

Беларусы, якія патрапілі пад напад тэрарыстаў у Емэне, працавалі па афіцыйным кантракце, заявіла МЗС Беларусі.
Міністэрства замежных спраў Беларусі пацьвердзіла гібель у Емэне грамадзяніна краіны і раненьне яшчэ аднаго беларуса ў выніку ўзброенага нападу.

«Мы пацьвярджаем, што ў Емэне ў выніку інцыдэнту з ужываньнем агнястрэльнай зброі пацярпелі грамадзяне Беларусі. Яны працавалі там па афіцыйным кантракце»,— заявіў прэсавы сакратар МЗС Андрэй Савіных.

«У цяперашні час консульская служба зьвязваецца з емэнскімі ўладамі для ўдакладненьня ўсіх абставінаў здарэньня для аказаньня неабходнай дапамогі»,— дадаў Савіных.

Сёньня ў сталіцы Емэна Сане пад узброены напад патрапілі двое грамадзян Беларусі, адзін зь іх забіты, другі — паранены. Інцыдэнт адбыўся каля гатэля «Амстэрдам» у цэнтры Саны.

Напад быў зьдзейсьнены невядомымі асобамі на матацыкле.

Абстраляныя былі ваеннымі спэцыялістамі, якія працавалі на міністэрства абароны краіны.