Эўрамайдан выстаяў яшчэ адну ноч

Працягваецца пратэст у Кіеве супраць рашэньня ўраду прэзыдэнта Януковіча прыпыніць падпісаньне Дамовы аб асацыяцыі з Эўразьвязам.
Актывісты, якія патрабуюць скасаваць урадавае рашэньне аб прыпыненьні эўраінтэграцыі, працягваюць заставацца на Майдане Незалежнасьці і Эўрапейскай плошчы ў Кіеве.

Грамадзкія актывісты, якія без партыйнай сымболікі знаходзяцца каля манумэнта Незалежнасьці, правялі адносна спакойную ноч. Галоўная праблема — неспрыяльнае надвор’е: тэмпэратура ў Кіеве зьнізілася да нуля градусаў, халодны вецер, часам зрываецца то дождж, то мокры сьнег.

За 500 мэтраў ад Майдана незалежнасьці, на Эўрапейскай плошчы, дзе разьмясьціліся і звычайныя грамадзяне, і актывісты палітычных партый, дзе ўсталяваныя намёты, ноч таксама прайшла без эксцэсаў.

У панядзелак пасьля 20 гадзіны тут адбыўся самы гучны за апошнія суткі інцыдэнт. Удзельнікі мітынгу выявілі непадалёк прыпаркаваны аўтамабіль, абсталяваны, як яны сьцьвярджалі, апаратурай для праслухоўваньня падзей у апэратыўным штабе пратэсту. Некалькі дэманстрантаў былі траўмаваныя, калі спэцатрад міліцыі «Бэркут» вызваляў заблякаваны людзьмі транспартны сродак, у якім знаходзіліся супрацоўнікі СБУ.

Пры гэтым народныя дэпутаты, прысутныя на акцыі, заявілі, што выклікалі міліцыю да затрыманай імі машыны.

Дэманстранты разьбілі вокны мікрааўтобуса і спрабавалі захапіць яго, журналістка Тацяна Чарнавол выламала люк на даху і залезла ўнутр, але зброі не знайшла. Байцы «Бэркута» з дубінкамі абаранялі машыну. Раздаваліся выбухі шумавых гранат, адчуваўся сьлезацечны газ. Некалькі чалавек былі параненыя.

Віталій Клічко