Хочаш?

Усё проста. Хочаш усеагульнай крывавай вайны? Няма нічога лепшага, як сабраць разам тысячу пацыфістаў і нацкаваць іх адно на аднаго. Хочаш міру на Зямлі — тады прыдумай рэчыва з хуткасьцю дэтанацыі каля 8000 м/с, фугаснасьцю 600 мл, цеплынёй выбуху 6 з паловай МДж/кг і прыстойнай брызантнасьцю.

Менавіта так зрабіў Альфрэд Нобэль, які 25 лістапада 1867 году атрымаў у ЗША патэнт на свой дынаміт. За чатыры гады да гэтага ў Швэцыі выбухнуў завод па вытворчасьці нітрагліцэрыну, фамільнае прадпрыемства Нобэляў — пры аварыі загінуў 20-гадовы малодшы брат Альфрэда. Іншы б плюнуў на клятую выбухоўку, якая настолькі апанавала іхныя розумы, што пачала нішчыць сям’ю — але ня Нобэль. У няўдачах дух расьце, сказаў Альфрэд і працягваў экспэрымэнтаваць далей, каб прыручыць нарэшце той нітрагліцэрын. І вось рашэньне было знойдзенае — і называлася яно кізельгур, ён жа — дыятаміт, у крымінальным мінулым — водарасьці трацічнага пэрыяду. Зь ім выбухоўка стала паддавацца дрэсіроўцы.

Засталося знайсьці прыгожую назву — і тут Нобэль выявіў сябе чалавекам з густам. Слова загучала, як музыка... і гучыць дагэтуль, хоць сам дынаміт даўно ўжо не кароль: ні руйнаваньня, ні пацыфізму. Поўнагалосьсе, відаць, спрацавала. «Дынаміт» на любой мове гучыць хораша. Нават калі так называюць фанаў якога-небудзь «Дынама».

У сямідзясятыя гады дзевятнаццатага стагодзьдзя заводы Нобэля выраблялі ўжо тры тысячы тонаў дынаміту за год. Пасьля дынаміту сьвет пачаў узмоцнена рыхтавацца да міру — безь яго, радзімага, не абыходзілася ніводная нармальная вайна. Нават вызваленчая, абарончая, прэвэнтыўная, ці якія там яшчэ ёсьць псэўданімы ў забойства.

Хочаш маральна зьнішчаць людзей, труціць іх прагай лёгкай нажывы і духам нездаровай канкурэнцыі? Хочаш забіваць літаратуру, ператвараючы яе ў шоў, у спорт, у мадэльны бізнэс? Хочаш, каб подых подлай каньюнктуры адчуваўся ў кожным руху культуры, у найменшай праяве мастацтва? Хочаш, каб слова букмэйкераў значыла тое самае, што слова літаратара — калі ня больш? Хочаш, каб міратворчасьць зрабілася бізнэсам, а заслугі — таварам? Тады самы час заснаваць Вялікую Прэмію. І раз на год гнаць яе рабоў у накірунку Стакгольму. Пакланяцца, кусаць локці і марыць, што ўжо ў наступным годзе дык дакладна — мы ўсё ўгадаем. Прыручым сьмерць — бо чым ёсьць усе залі славы, прэміі, ганаровыя званьні і тытулы прарокаў і апосталаў, як ня спробай зрабіць яе бясьпечнай?