Беларусь экстрадуе Баўмгертнэра ў Расею

Уладзіслаў Баўмгертнэр

Навіну распаўсюдзіла Генэральная пракуратура Расеі.
Беларускія ўлады прынялі рашэньне аб экстрадыцыі гендырэктара «Ўралкалія» Ўладзіслава Баўмгертнэра, паведамляе Генэральная пракуратура Расеі.

«20 лістапада 2013 года па патрабаваньні Генэральнай пракуратуры Расейскай Фэдэрацыі Генэральная пракуратура Рэспублікі Беларусь прыняла рашэньне аб выдачы ў Расею грамадзяніна РФ Уладзіслава Баўмгертнэра. У бліжэйшы час Баўмгертнэр будзе перададзены прадстаўнікам расейскіх праваахоўных органаў»,— адзначаецца ў паведамленьні.

___________________________________________________

Крымінальная справа ў дачыненьні да Баўмгертнэра знаходзіцца ў вытворчасьці Галоўнага сьледчага ўпраўленьня Сьледчага камітэта Расейскай Фэдэрацыі.

Ён абвінавачваецца ў зьдзяйсьненьні злачынстваў, прадугледжаных ч.3 арт.33 , ч.2 ст.201 Крымінальнага кодэкса Расейскай Фэдэрацыі, а менавіта ў тым, што, зьяўляючыся асобай, якая выконвае кіраўнічыя функцыі ў камэрцыйнай арганізацыі, выкарыстаў свае паўнамоцтвы насуперак законным інтарэсам гэтай арганізацыі і ў мэтах здабываньня выгод і пераваг для сябе і іншых асоб, што пацягнула цяжкія наступствы.

У кастрычніку ў дачыненьні да Баўмгертнэра Басманны раённым судом Масквы завочна абраная мера стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту.

22 кастрычніка 2013 года ў ходзе двухбаковых кансультацый прадстаўнікам Генэральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь быў перададзены запыт Генэральнай пракуратуры Расейскай Федэрацыі аб яго выдачы для прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці.

У бліжэйшы час Баумгертнер будзе перададзены прадстаўнікам расійскіх праваахоўных органаў, — паведамляе Генпракуратура Расеі.