Шварцэнбэрг: У Беларусі апошняя «сапраўдная» дыктатура ў Эўропе

Your browser doesn’t support HTML5

Былы міністар замежных спраў Чэхіі Карэл Шварцэнбэрг ацаніў у інтэрвію Свабодзе вынікі пяці гадоў працы праграмы «Ўсходняга партнэрства» Эўразьвязу.
Праект быў запачаткаваны амаль пяць гадоў таму на саміце ў Празе, адным з арганізатараў якога быў спадар Шварцэнбэрг.

Былы міністар замежных спраў Чэхіі Карэл Шварцэнбэрг патлумачыў Свабодзе, чаму вынікі працы праграмы «Ўсходняга партнэрства» зьяўляюцца пакуль што амаль незаўважнымі:

«Паглядзіце: ёсьць розьніца паміж тымі краінамі, дзе ёсьць прамая дыктатура, як у Беларусі. Гэта апошняя „сапраўдная“, „паўнавартасная“ дыктатура ў Эўропе, там няма ніякага прагрэсу. А ў краіне, якой зьяўляецца Малдова, шчыра працуюць, каб дасягнуць эўрапейскага ўзроўню. Але пераход будзе нялёгкі, я гэта ведаю. Традыцыі кіраваць, панаваць дасягаюць часоў ранейшага рэжыму, пазбавіцца ад гэтага вельмі цяжка.

Да гэтага яшчэ трэба дадаць вялікі ўплыў Расейскай Фэдэрацыі, якая не жадае, каб гэтыя краіны ўступілі ў Эўрапейскі зьвяз, спакушае іх Мытным саюзам, які стварыла з Беларусьсю і Казахстанам. Лічу эканамічнай і палітычнай памылкай, калі б у „Мытны саюз“ далучыліся краіны „Ўсходняга партнэрства“.

Вядома, расейскі рынак велізарны, вядома, там ёсьць вялікія магчымасьці, якія выкарыстоўваюць і нашыя прадпрыемствы. Але калі казаць аб прагрэсе, сучасных тэхналёгіях, сучасным мэнэджмэнце, найноўшых мэтадах працы — гэтаму можна навучыцца толькі на Захадзе, ні ў якім разе на Ўсходзе. Калі вы паглядзіце на розьніцу гаспадарчага разьвіцьця ў Расейскай Фэдэрацыі і ў Эўропе, то мы павінны прызнаць, што пасьпяховымі зьяўляюцца дзяржавы, якія адносяцца да Эўрапейскага зьвязу».

28–29 лістападзе ў Вільні пройдзе чарговы саміт «Усходняга партнэрства», на якім будзе разглядацца магчымасьць падпісаньня дамовы аб асацыяцыі Ўкраіны і Эўразьвязу. У Кіеве адбываюцца дыскусіі вакол законаў, якія трэба прыняць для гэтага і перш за ўсё, аб законе, які б дазволіў вызваліць з турмы Юлію Цімашэнку. Масква ж працягвае чыніць беспрэцэдэнтны ціск на Кіеў, каб заблякаваць інтэграцыю Ўкраіны і Эўразьвязу.

З гэтай нагоды спадар Шварцэнбэрг заявіў, што калі б Украіна выканала ўмовы ЭЗ, было б вельмі добра:

«Аднак апошнія навіны з Кіева пра гэта ня сьведчаць. Маю ўражаньне, што там вядзецца вельмі жорсткая бітва, калі адна частка Партыі рэгіёнаў з прычын канкурэнцыі гэтага ня хоча, астатнія знаходзяцца пад моцным уплывам Расеі. Вельмі баюся, што невыкананьне ўмоў Украінай можа стаць для яе вялікі трагедыяй, ім ўдасца перашкодзіць падпісаньне дамовы ў Вільні, што на самой справе магло б стаць вялікай шкодай для Ўкраіны».