Беларусь — чэмпіён па інфляцыі

На афіцыйным сайце Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі зьявілася інфармацыя пра індэкс спажывецкіх цэнаў і платныя паслугі насельніцтву па асобных краінах СНД.
Згодна з гэтымі зьвесткамі інфляцыя ў Беларусі за 10 месяцаў сёлетняга году склала 118,9% ў параўнаньні з тым жа часам летась. У Расеі адпаведны паказьнік склаў 106,8%, у Казахстане — 106,1%.

«Гэта ўсё адбываецца з прычыны нізкай якасьці дзяржаўнай палітыкі Беларусі»,— гаворыць дырэктар па дасьледаваньнях Лібэральнага клюбу Яўген Прэйгерман:

Яўген Прэйгерман

«У нас гэта цягнецца ад фінансавага крызысу 2011 году. Інфляцыя крышачку зьніжаецца. Але ж урад не выконвае нават свае пляны. Бо на 2013 год плянавалася, што інфляцыя ўзрасьце на 12%. А ўжо маем павелічэньне амаль 19%. Так што гэта адлюстраваньне якасьці дзяржаўнай палітыкі Беларусі.

Можна канстатаваць: мы знаходзімся ў дрэнным становішчы. Ужо некалькі год запар Беларусь знаходзіцца сярод лідэраў па інфляцыі ва ўсёй Эўропе».

Расея і Казахстан на тле Беларусі выглядаюць значна лепей. Але ж гэтыя тры краіны ўваходзяць у Мытны саюз. Як жа тады гаварыць пра нейкую ўзгодненую і агульную палітыку ў межах гэтага фармаваньня? — пытаюся ў спадара Прэйгермана?

«Пакуль што ў Мытным саюзе кожны сабе гаспадар. Але ў інтэграцыйных плянах, пра якія найперш гаворыць Масква, гэтыя рэчы прадугледжваюцца. Іншая справа, ці дойдзем мы да гэтага? Бо відавочна, што Лукашэнку хацелася б мець поўны інструмэнтарый дзяржаўнай палітыкі ў сваіх руках. У тым ліку і грашовай, каб ніхто яго не абмяжоўваў».