Слуцкія ўлады дазволілі мітынг у гадавіну Слуцкага збройнага чыну

Як паведаміў Свабодзе кіраўнік партыі БНФ Аляксей Янукевіч, Слуцкі райвыканкам дазволіў правядзеньне мітынгу ў Слуцку ў нядзелю 24 лістапада, ад 14 да 15-ай гадзіны на гарадзкім стадыёне.
Заяўку на правядзеньне акцыі падавалі кіраўнік слуцкай суполкі партыі БНФ Віталь Амяльковіч і старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Сёньня Амяльковіч ужо атрымаў афіцыйную паперу ад выканкаму, паводле якой рашэньне было прынятае 14-га лістапада.

Напярэдадні мітынгу ўдзельнікі адзначэньня наведаюць месцы пахаваньняў вайскоўцаў Слуцкага збройнага чыну ў вёсках вакол Слуцку. Аляксей Янукевіч паведаміў, што арганізатары запрашаюць усіх ахвотных узяць удзел у адзначэньні. З Менску ў Слуцк будзе арганізавана дастаўка аўтобусам.

Слуцкі збройны чын — спроба ўзброенай абароны незалежнасьці Беларусі ў раёне Слуцку ў лістападзе і сьнежні 1920 году. Прыкладна месяц беларускія вайсковыя аддзелы аказвалі супраціў савецкім войскам.