Сямёрка Свабоды

  • Аляксандар Лукашук

Аляксандар Лукашук

Аляксандар Лукашук выбірае: што пачытаць на svaboda.org за мінулы тыдзень.
Нават Google ня ведаё ўсё, не кажучы ўжо, што ён разумее ў беларускай бінарнай душы, і таму раз на тыдзень, напярэдадні выходных, мы будзем нагадваць, якія, на нашу думку, арыгінальныя матэрыялы Свабоды варта прачытаць, перачытаць, пракамэнтаваць, паслаць сябрам і любым іншым спосабам аддацца любві. Бо Свабоды не бывае зашмат!

1. «Танчыкі» і самалёцікі па-беларуску — у перакладзе «World of Tanks». Досьлед пра фантастычны паўсьвет кампутарных гульняў, які спрабуе адгарадзіцца ад беларускай мовы. Бітва дэманаў, надзвычай пасьпяховага камэрцыйнага Галіяфа, які цураецца мовы краіны свайго нараджэньня, і харытатыўнага Давіда, узброенага слоўнікамі і верай. Хто ўгадае, хто пераможа?..

2. Зачыстка па-судовамуАлег Грузьдзіловіч парушае журналісцкую бесстароннасьць і аддае свой адзіны бутэрброд асуджанаму за нішто (насамрэч, канечне, за справу — за салідарнасьць) Андрэю Бандарэнку, носіцца па калідорах і піша кардыяграму пыльнай тупасьці судовай машыны, раскормленых качкоў-амапаўцаў, адчаю сям’і замардаванага на Валадарцы Ігара Пцічкіна. Сюр.

3. З «Пагоняй» у сэрцы і на грудзях — татуіроўкі рэч, аказваецца, ня толькі сур’ёзная, але і прыгожая.

4. Вянок памяці. Уладзімер Кулажанка — варта ўспомніць добрым словам і паставіць сьвечку, калі ходзіце да царквы. Уладзімер Кулажанка — беларускі прафэсар-эканаміст, ўсё жыцьцё ствараў вакол сябе тэрыторыю нацыянальнай свабоды, вёў перадачы на нашым радыё. Кранальны ўспамін Уладзімера Арлова.

5. Музыка Сяржук Доўгушаў — «Ой, на чужыне цяжка жыць» сьпявае былы саліст дзяржфілярмоніі, але кажа, што на чужыне сьпяваць вельмі добра. У выніку пад час запісу яго гітара ўпала і зламалася, але хутка знайшлі іншую (на Свабодзе ўсё ёсьць!). Асалода.

6. Жыцьцё пасьля раку. Натальля Саматыя — усе героі, якія пагаджаюцца расказваць пра сябе — для мяне героі. Пра асабістыя справы і трагедыі гаварыць беларусам ня менш складана, чым пра свабоду слова (як там мама Колі?). Ня толькі ў Беларусі, канечне. Але такія аповеды ўпраўляюць мазгі, як кажуць, расстаўляюць усё ў правільнай пэрспэктыве.

7. Батура: мы людзі паднявольныя — мілая і рэдкая як плютоній, гутарка карэспандэнта Свабоды з адстаўленым візірам. І па-беларуску! Дзіўныя справы твае, Госпадзі. Цікава, што публікацыю шмат дзе заўважылі і адразу пераклалі на ангельскую: «We are not free people». А потым пераклалі з ангельскай на рускую, і выйшла «Наш народ не свабодны», а потым зьявілася лягічная навіна, што Батуру зьнялі за крытыку Лукашэнкі... Чытайце ў арыгінале!