Партыі супраць падаткаў на дармаедаў і машыны

Прадстаўнікі палітычных партыяў выступілі з заявамі наконт намеру ўраду ўвесьці новыя падаткі на беларускіх грамадзян — так званыя падаткі на дармаедаў і на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху.

Грамада: Паборы з грамадзян — ня выйсьце


Прэзыдыюм Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) выступіў сёньня з заявай:

«Відавочна, што краіна зайшла ў паласу сыстэмнага крызісу. Выйсьце з цяжкога становішча ўлада бачыць у тым, каб абкладаць грамадзянаў новымі паборамі. Для ўвядзеньня новых падаткаў няма ніякіх падставаў, а за праблемы, якія ўзьніклі ў эканоміцы, мусіць адказваць улада, а ня простыя беларусы».

Грамада зазначае, што сярэдні ўзрост беларускіх аўтамабіляў — у сярэднім каля 10 гадоў:

«Лічыць патрыманыя машыны раскошай, а ня сродкам перамяшчэньня, не выпадае. Аўтамабілі сапраўды стануць раскошай, калі на дадатак да высокіх мытных тарыфаў на машыны, уведзеных пасьля ўступленьня Беларусі ў Мытны зьвяз, улада ўвядзе яшчэ і падатак на іх.

Улада як быццам забыла, што яе стараньнямі многія мясцовасьці ў Беларусі пазбаўленыя рэгулярнага руху грамадзкага пасажырскага аўтатранспарту. У многія вёскі аўтобусы прыходзяць толькі ў пэўныя дні. Увядзеньне падатку на ўладальнікаў аўтатранспарту прывядзе да яшчэ большага ўскладненьня і без таго цяжкога жыцьця сельскіх жыхароў, асабліва пажылых людзей».

БНФ: Замест скарачэньня чыноўнікаў уводзяць новыя падаткі


Рыгор Кастусёў

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў назваў у інтэрвію Свабодзе ідэі ўраду пра новыя падаткі «дурасьцю»:

«Я да гэтых ідэяў стаўлюся адмоўна. На тле скандалаў пра карупцыю сярод чыноўнікаў гэта выглядае спробай набіць сабе кішэні. Ёсьць праблема з напаўненьнем бюджэту. Але чыноўнікі, замест таго каб скараціць выдаткі на сябе і скараціць апарат, спрабуюць свае праблемы вырашыць праз кішэні грамадзянаў».

«Колькасьць насельніцтва за апошнія часы скарацілася, а колькасьць чыноўнікаў вырасла. У ніводнай краіне такога няма», — канстатуе Кастусёў.



ЛДПБ: Гэта карупцыя і бюракратыя


Лібэральна-дэмакратычная партыя таксама выступае супраць новых падаткаў, заявіў на прэсавай канфэрэнцыі намесьнік старшыні Лібэральна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч.

Алег Гайдукевіч

«Мы што, мала плацім? Мы плацім за тэхагляд, за дарогі, падаткі. Падстаў для ўвядзеньня яшчэ аднаго транспартнага падатку няма».

Гайдукевіч заявіў, што ЛДП ня можа падтрымліваць «ініцыятыву па ўвядзеньні падатку на беспрацоўных»:

«Ізноў усё робіцца ня так. Спачатку няхай апублікуюць праект дакумэнту, каб стала ясна, з каго ўлады зьбіраюцца спаганяць падатак. Сёньняшнія выказваньні прадстаўнікоў улады без канкрэтыкі — гэта карупцыя і бюракратыя», — цытуе Гайдукевіча БелаПАН.

12 лістапада стала вядома, што ўрад разглядае магчымасьць увесьці дзяржаўную пошліну за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху. Яна будзе складаць ад 3 да 5 базавых велічынь у год, гэта ад 390 да 650 тысяч рублёў.

І ў той жа дзень, 12 лістапада, прадстаўніца Міністэрства фінансаў Сьвятлана Крэтава заявіла, што падрыхтаваны праект указу прэзыдэнта, які прадугледжвае спагнаньне платы з грамадзянаў, што не працуюць.