Вернуты час

У кожнай рэвалюцыі — свой каляндар, шмат якія рэвалюцыі прапаноўваюць сваё летазьлічэньне. Вядома, на памяць адразу ж прыходзіць Францыя зь яе памідорамі... не, тэрмідорамі. Але бывае й так, што рэвалюцыя проста вяртае народу скрадзеныя ў яго дробнымі дэспатамі і іх служкамі гады і дзесяцігодзьдзі. Прага пераменаў — гэта яшчэ і жаданьне вярнуцца да агульнага календара, вярнуцца ў натуральны час, даць яму ісьці сваёй адвечнай хадою.

У Савецкім Саюзе часоў перабудовы любілі згадваць праславутыя «семдзесят гадоў» («семсят лет как жызьні нет»); летась беларусы, год за годам марачы пра рэвалюцыю, гаварылі пра «васямнаццаць мне ўжэ», намякаючы на паўналецьце сваёй дыктатуры. А вось Чэхія са Славаччынай сёньня ўступаюць ў дваццаць чацьвёрты год ад Раства Дэмакратыі. Зайздросна? Яшчэ як.

Хаця ў той краіне, тады яшчэ Чэхаславаччыне, усё пачалося не зусім з нараджэньня, а хутчэй са сьмерці. У 1939 годзе праскі студэнт-мэдык Ян Оплэтал разам з тысячамі месьцічаў выйшаў на вуліцу, каб пратэставаць супраць нямецкай акупацыі, і быў падстрэлены паліцыяй. У лістападзе 1939-га ён памёр ад ранаў у шпіталі.

Менавіта на пяцідзясятую гадавіну пахаваньня Яна Оплэтала, 17 лістапада 1989 году, на праскія вуліцы зноў выйшлі студэнты. Нібыта каб аддаць даніну памяці герою. Калі студэнцкія калёны дабраліся да цэнтру гораду, у іх было ўжо да паўсотні тысяч чалавек — і ўжо ня толькі памяць кіравала гэтымі людзьмі, а самая што ні ёсьць сучасная сучаснасьць. Вольных выбараў, адстаўкі генсека, адмены манаполіі камуністаў на ўладу — вось чаго яны патрабавалі. І кожны прыстойны чалавек, жыў ён у прыстойнай краіне або не, быў у той дзень зь імі. І нават непрыстойным было ясна: камунізму канец.

А восьмай вечара таго дня чэхаславацкая паліцыя заблякавала некалькі тысяч дэманстрантаў каля Вацлаўскай плошчы — і пачала «зачыстку». Паўсотні чалавек атрымала па галаве, пайшлі чуткі пра застрэленых і памерлых ад ранаў. Такіх паводзін улады ў гэткі дзень дараваць камуністам ніхто ня мог. Нават тыя, хто памятаў 68-мы і ведаў, чым усё можа скончыцца. Ды толькі ў 1989-м і сталіністу было ясна: савецкія танкі сюды, у Прагу, ніхто пасылаць ужо ня будзе. Чэхам і славакам давядзецца вырашаць усё самім: што з аднаго, што з другога боку палітычных барыкадаў. На шчасьце, гэтая простая ісьціна дайшла да абодвух бакоў.

А далей усё было так імкліва: хітрае маўчаньне спэцслужбаў, разгублены твар генсека Якеша, сямсот тысяч на Лэтэнскім полі ў Празе, сьвечкі, «Грамадзянскі форум» — і яшчэ да надыходу Новага году Вацлаў Гавэл, сам, напэўна, ачмурэлы ад хуткасьці гэтага аксамітнага паветранага зьмея, за якім усе раптам пабеглі, робіцца прэзыдэнтам Чэхаславаччыны. Ён не пабаяўся: ні ўлады, ні часу, ні адказнасьці.

Некалі так будзе і тут. Імкліва і ачмуральна. Тут, дзе час таксама быў скрадзены — і калі ён вернецца, мы зноў трапім у каляндар.