Ня ведаю, як там з мастацкай прозай, але артыкулы Горкага перакладаць цяжка — як баржу за павадок цягнуць. Што зробіш — вялікі пісьменьнік, такога за талію не абхопіш. Яго і ў арыгінале чытаць — тая яшчэ пакута. Вось як гэта — гэта! — можна перакласьці... хіба што такім самым нагрувашчаньнем родных склонаў і няўклюдным маханьнем пустымі назоўнікамі:
«...неабходна зьнішчыць усё, што, абцяжарваючы ў працоўным народзе рост усьведамленьня адзінства яго жыцьцёвых інтарэсаў, дазваляе капіталістам...»
І гэтак далей. Знакаміты тэкст, адкуль узяты прыведзены вышэй урывачак, выйшаў 15 лістапада 1930 году адразу ў дзьвюх газэтах, «Ізьвесьціях» і «Праўдзе», і назву меў пагрозьлівую: «Калі вораг не здаецца — яго зьнішчаюць». У арыгінале Горкі напісаў у назьве «істребляют», а ў самім тэксьце «унічтожают»; ён наагул любіў бескарысныя сынонімы, як іншыя любяць апэльсіны. Што там дакладна пісаў клясык і з кім зводзіў рахункі, ягоныя ўдзячныя чытачы хутка забыліся, а вось назва ў памяці засталася — бо кідкая і зручная. Назва-заклік, назва-апраўданьне, назва-спроба змыць зь сябе кроў, стоячы ў перапоўненай лазьні. Да таго ж яна ўнівэрсальная, гэтая фраза, можна прысабачыць да любой нагоды — ворагі ёсьць ва ўсіх, часу бяз ворагаў не бывае, як і рэвалюцыі без крыві. Напэўна, на гэта Горкі і намякаў. Ці яму намякалі — а ён, дарма што прыкідваўся дурнем (кажуць, плакаў на плячы ў кожнага маладога аўтара — ад замілаваньня), умеў разумець намёкі.
Між тым, зьмест артыкулу ня менш цікавы за загаловак. Горкі піша пра тое, што каб зьберагчы перамогі і будаваць далей новае жыцьцё, трэба быць гатовым да новых ахвяраў — трэба забіваць, бяз гэтага ніяк. Гэта тэкст-мандат. Ёсьць у тэксьце і самі ворагі. Адна зь іх — «Расейская кабета» («Русская женшчіна»), якая піша Горкаму лісты і лічыць сябе прыналежнай да «тонкага слою адукаваных людзей з эўрапейскім мысьленьнем». Гэтая мадама наважылася на трынаццаты год сацыялізму думаць, што «розум — набытак нямногіх, нельга шукаць розум у масах». Што «культура — стварэньне нешматлікіх высокаадораных людзей». Вось дура. Паставіла свой будуар на шляху працоўных мас і зьдзіўляецца, адкуль так дзьме магільным халадком...
Гэта тэкст для ахвяраў — ім папулярна тлумачыцца, чаму іх зараз будуць «крышачку забіваць». Паводле Горкага, гэта разумеюць нават дзеці-піянэры, а да некаторых дарослых усё ніяк не даходзіць. Калі вораг не здаецца, яго зьнішчаюць. Тэкст-санкцыя пракурора, каманда кáтам. Такая сабе індульгенцыя ад інтэлігенцыі...
Імем Горкага было забіта столькі беларусаў, што яго варта лічыць беларускім пісьменьнікам. Ніхто ня ведае, чым адгукнецца яго слова — а выбар невялікі: каму ордэнам, каму куляй у патыліцу, каму забыцьцём.