Ужо сёньня, 13 лістапада: сустрэча з Арловым, «Take 6» адкрываюць міжнародны джаз-фэстываль у Менску

Уладзімер Арлоў

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.
ПАДЗЕІ ДНЯ

У Менску пачынаецца пяцідзённы фэстываль джазавай музыкі «AlfaJAZZinMINSK-2013». Адкрыцьцё фэстывалю адбудзецца ў Палацы рэспублікі а 19.00. Пасьля афіцыйнага адкрыцьця выступіць «Take 6» — госпэл сэкстэт з ЗША.

Сустрэча зь пісьменьнікам Уладзімерам Арловам у кнігарні «логвінаЎ». Пачатак а 19.00.

Прэзыдэнт Расеі Уладзімер Пуцін зь візытам у Сэуле.

ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1655 — войска Вялікага Княства Літоўскага пад камандай гетмана Паўла Сапегі атрымала перамогу над маскоўскім войскам на рацэ Лясной каля Берасьця.

1851 — пачала дзейнічаць тэлеграфная служба паміж Лёнданам і Парыжам.

1851 — уведзена ў эксплюатацыю чыгунка паміж Масквой і Санкт-Пецярбургам.

1915 — у Вільні адкрылася першая беларуская пачатковая школа.

У гэты дзень нарадзіліся:

1806 — Эмілія Плятэр, беларуская фальклярыстка, удзельніца паўстаньня 1830-1831 гадоў.

1836 — Яраслаў Дамброўскі, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гадоў, генэрал Парыскай камуны.

1850 — Робэрт Льюіс Стывэнсан, ангельскі пісьменьнік.

1887 — Вільгельм Кубэ, нямецкі нацысцкі палітычны дзяяч, генэральны камісар Генэральнай акругі «Беларусь».

У гэты дзень памерлі:

1593 — Сымон Будны, асьветнік, пісьменьнік, грамадзкі і рэлігійны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага.

1943 — Уладзіслаў Казлоўскі, беларускі грамадзка-палітычны дзяяч, паэт, выдавец. Быў адным з арганізатараў Беларускай нацыянал-сацыялістычнай партыі ў 1930-я гады. Застрэлены савецкімі партызанамі ў Менску ў рэдакцыі «Беларускай газэты», галоўным рэдактарам якой зьяўляўся.

1989 — Фёдар Янкоўскі, беларускі мовазнаўца і пісьменьнік.

ЦЫТАТЫ НА ПАМЯЦЬ:

«Каб пражыць разам усё жыцьцё і пры гэтым ухітрыцца адно аднаму да сьмерці не надакучыць, неабходны талент, і немалы».

«Амаль кожны чалавек, калі яму паверыць на слова, прытрымліваецца зусім ня тых перакананьняў, якімі кіруецца ў жыцьці».

«Шчасьліва прайсьці шлях — важней, чым прыбыць у пункт прызначэньня».


Робэрт Льюіс Стывэнсан