Вянок памяці. Уладзімер Кулажанка

Уладзімер Кулажанка

Ня стала прафэсара, доктара эканамічных навук, актыўнага дзеяча нацыянальнага адраджэньня, шматгадовага аўтара Радыё Свабода Ўладзімера Кулажанкі. Ён пакінуў гэты сьвет 2 лістапада на 88-м годзе жыцьця.
Ён нарадзіўся 10 чэрвеня 1926 году на Гомельшчыне ў шматдзетнай сялянскай сям’і. Усе дзевяцёра дзяцей атрымалі вышэйшую адукацыю і дасягнулі значных жыцьцёвых посьпехаў дзякуючы выключнай працавітасьці і мэтанакіраванасьці. Якасьці, якія Ўладзімер Кулажанка прышчапіў сваім дзецям. Прыгадвае старэйшая дачка Людміла:

«Ён — сапраўдны беларус, любіў сваю зямлю, быў добрым гаспадаром. Мы, дзеці малыя, заўсёды былі і зь мясам, і з хлебам».

Але найперш дзеці, іх сябры і студэнты слыннага прафэсара-эканаміста былі ўскормленыя здаровай духоўнай ежай. Апавядае пісьменьнік Уладзімер Арлоў.

«Уладзімер Андрэевіч — бацька майго найлепшага сябра Генадзя і першы сапраўдны беларускі інтэлігент, якога я сустрэў у сваім жыцьці. Кулажанка-старэйшы быў ня проста чалавекам добра адукаваным і дасьведчаным у сваёй сфэры. Ён добра ведаў літаратуру і гісторыю. І, што ў тыя глухія для беларушчыны 70-я гады найбольш уражвала — Уладзімер Андрэевіч і ў сям’і, і публічна на сваёй катэдры ў БДУ, у кнігарні, у кавярні — гаварыў па-беларуску. Тады для гэтага патрабавалася не абы-якая мужнасьць. Сваю інтэлігентнасьць і беларускасьць ён перадаў і дзецям — дочкам Людміле і Вользе і сыну Генадзю, які загінуў у Аўганістане і стаў героем маёй кнігі „Імёны Свабоды“.
У тыя глухія для беларушчыны 70-я гады найбольш уражвала — Уладзімер Андрэевіч і ў сям’і, і публічна на сваёй катэдры ў БДУ, у кнігарні, у кавярні — гаварыў па-беларуску

Уладзімер Андрэевіч і ў той, ужо далёкі час быў беларускім незалежнікам. Ад яго мы зноў і зноў атрымлівалі прышчэпкі вальнадумства. Гэта ад яго мы з Генадзем ня раз чулі, што ўсе імпэрыі разваліліся, лясьнецца і імпэрыя савецкая. Ад яго мы даведаліся пра выгнаньне Аляксандра Салжаніцына. Кулажанка-старэйшы, памятаю, пракамэнтаваў гэта так: „Аднаго з апошніх сумленных людзей выкінулі з краіны“. Тое самае ён сказаў, я ведаю, і на паседжаньні сваёй катэдры, за што потым меў вялікія праблемы.

Калі мы з Генадзем пачалі выдаваць у нас на гістфаку БДУ самвыдавецкі альманах „Мілавіца“, яго бацька быў адным зь першых нашых чытачоў.

Калі зьдзейсьнілася ягоная мара і Беларусь стала незалежнай, Уладзімеру Кулажанку было далёка за шэсьцьдзесят, але да яго прыйшло доўгае і моцнае другое дыханьне. Адна з нашых апошніх сустрэч адбылася ў менскай Цэнтральнай кнігарні. Уладзімер Андрэевіч дапытваўся, дзе ў іх поўны збор твораў Васіля Быкава».

Уладзімер Кулажанка быў першым беларускім навукоўцам, які стаў прапагандаваць перавагі рынкавай эканомікі. Гаворыць аналітык Радыё Свабода Валер Карбалевіч:

«Прафэсар Кулажанка, ужо будучы ў даволі сталым узросьце, лёгка перайшоў на рынкавыя канцэпцыі і ўсяляк прапагандаваў іх, выступаючы перад насельніцтвам, сярод студэнтаў, рэгулярна выступаючы ў беларускіх мэдыях — напрыклад, ягоная рубрыка ў „Народнай Волі“ была пастаянная. Ну, і на Радыё Свабода ён вёў адмысловую перадачу, дзе проста даваў азбуку рынкавай эканомікі».

Зь лёгкай навуковай рукі прафэсара Кулажанкі абараніліся — унікальны лік — адзін доктар і трыццаць шэсьць кандыдатаў эканамічных навук. Дацэнт эканамічнага ўнівэрсытэту Ўладзімер Валетка — пра свайго настаўніка.

«Гэта чалавек, які ўмеў натхняць. Натхняць ведаць эканоміку, любіць родную зямлю, прычым ён гэтага не разьдзяляў. Натхняў выказваць свае думкі. Зь ім наша група ў 94-м і 95-м гадах хадзіла на плошчу, каб выказваць сваю грамадзянскую пазыцыю. Гэты чалавек мяне і многіх сваіх студэнтаў навучыў адчуваць асалоду ад навуковага пошуку. Другое, што я лічу вельмі важным, — што ён вучыў аддаваць, не чакаючы нічога ўзамен. Аддаваць як бы ў наступныя пакаленьні. Вось гэтыя дзьве рэчы дазваляюць быць яму ўдзячным кожнага зь яго вучняў, цаніць яго як бацьку, як сябра, як настаўніка. Памяць пра яго будзе жыць доўга і будзе перадавацца ў іншыя пакаленьні».

Пахавалі Ўладзімера Кулажанку на могілках у Калодзішчах.